пазывы… Ну, памятаеш, сталовую? Во-а! У адзін момант і — Вэзуві… Вэзуві, кажу табе…
— Усё-ж, і Якаў меў рацыю… Перша раздаць адозвы — мэрам-бы сыгналам прапусьціць па заводзе… А тады… Тэма — суд над дэпутатамі думы, дарагоўля мяса, нястача вугалю, цукру…
— Спроба… Аднак, надзея ёсьць… Важна, кажу табе, выкрэсіць хоць адну іскрачку… Зрабіць намёк, што вайсковае становішча, мілітарызацыя, узмоцненыя меры папярэджаньняў, усё-ўсё — нівошта…
— Я ўсё выясьняю гэтымі днямі… Нельга-ж без коордынацыі… Сам разумееш…
— Ну, Якаў, Якаў! Дзівак які, ня праўда, мо’?..
Яскравы бляск ліхтара іх перапыніў.
— Куды мы выйшлі? — запытаў Анікей.
Рыгор сьмяяўся — то была яго вуліца.
— Паверыш, ты мяне правёў дамоў…
— Няўжо? Вось і здайся на цябе…
Яны разглядалі мясцовасьць.
— Ты варочай налева — прасьцей дарогі ня знойдзеш.
— Да ўжо-ж.
Анікей разьвітаўся і сьпешна пайшоў у бок Выбарскае шашы. Як яно выйшла, што Рыгор вывеў на гэта месца, для яго таксама было няясна. Ён шчыра сьмяяўся з таварыша.
Той мінаў другі квартал, калі Рыгор кінуў праводзіць яго ўзрокам і павярнуў направа, да сябе.
Ён зрабіў некалькі крокаў, зноў вяртаючы думкі да Якава, і не заўважыў, як хтосьці мігнуў паміж яго. Рыгор спыніўся і агледзеўся. Мо’ на сажань ад яго стаяла якаясьці жанчына, азіраючыся. Рыгорам зайграла цікавасьць.
— Не пазналі? — запытаў ён.
— І вы не пазналі?
Знаёмы акцэнт рушыў Рыгора з месца.
— Няўжо гэта…
Ён падумаў на Гэлю, і раптам зьмяніў дагадку.
— Вось, бачыце-э…
— То-та і ёсьць, што ня бачу…
— Вы Рыму суйздром запамятавалі… А я вось іду ад вас…
— Рыма?!.