Гаспадыня прынесла гарбату. Рыгор увішна наліў шклянку і падаў Гэлі.
— Дзякую, Рыгор. Мне час ісьці, а то комітэт…
— Я цябе правяду… Пі…
Гэля ўзяла шклянку і тут-жа паставіла назад.
— Зусім запамятавала! — весела праказала яна да Рыгора: — Хоць жыцьцё прымушае плакаць, а я знарок буду весяліцца…
— Брава, Гэля!.. Весяліся, пой і змагайся…
— У мяне рэч усяго пра адзін вечар…
— Вонь яно што! Пра адзін вечар усяго?
— Бежанскі комітэт наладжвае вечарынку… У студзені якраз… І я, як артыстка — маўчы, Рыгор! — іграю. Ты мне хоць пару воплескаў падорыш, га?
— Я табе, Гэля-а!.. Буду чакаць цябе з білетамі… Дачакаюся?
Гэля задаволена ўсьміхнулася.
І гэта Гэліна ўсьмешка ўжо ня сходзіла з яе твару, пакуль яна не рассталася з Рыгорам.
X
ЦЁМНАЯ ЎСКРАІННАЯ НОЧ ахутала вузкі дворык чорным цалуном. Золкае паветра сьціснула холадам распараныя постаці выйшаўшых з дому двух чалавек. Пасьля зыркага сьвятла бегалі калёсы ў вачох. Дзьмухаў фінскі ветрык, сыплючы ў твар калючымі сьняжынкамі. Зьвінелі драты. Пахіленыя варотны на ланцужку монотонна скрыпелі. Уверсе-ж, над зямлёю і будынкамі, над голымі дрэўцамі і парканам калыхалася малако отсьвіту. Цішыня, коўзкая і паўзучая.
— Засядзеліся, — першым вымавіў Рыгор.
— Яшчэ-б не заседзецца! Пытаньне ня лёгкае і ня простае, — адказаў Анікей.
— Ха-ха-ха! Ну, мне з Якавым Гісам не разабрацца. Гой, дзівак які… Ты паслухай толькі-ы…
Анікей тузануў Рыгора за полу паліта.
За імі чуліся чыісьці крокі і ціхае перашоптваньне.
Яны вёрткім паваротам апынуліся за брамаю і павярнулі направа.