Бурлівыя рэчкі, срэбныя вадаспады… Ці не абвалілася тая скаля, на якой ён так любіў скакаць віхравую лязгінку?..
Сорак першы — льняны магілевец… Без абедзьвюх ног… бяз тых намардаваных ног, што так вёртка спраўляліся з носкаю дроў на параходы… Сыгнал а першай гадзіне ўначы… Вёска на нагах — зрэбныя порткі да болю шаруюць цела — тры рублі на сто чалавек… Сырап да іржаных бліноў… Ці ўрадзіла палоска? Колькі коп сабрала Юзя жыта?.. Ці парос лён — хоць наткаць на кужаль… Пэўна, вецер зьнёс страху і хата сьвіціцца голымі кроквамі… Напішы яму, Юзя… Чаму-ж?..
І на вайне і раней у палку — разам з ім — палтавец… Шаўчэнкаўскія вусы… Хмурыя і навесістыя бровы. Прадаўгаваты васковы твар… Думкі, палітыя крывёю, носяцца ў трапяткім лісьці топаляў… Думкі гудуць пчоламі на вішнёвым цьвяту… Жоўтыя кругі сланечніку — ціхая Ворксла… Або дачакае тачанка, на якой столькі вёрст ён выехаў… «Сымон, калі-ж ты наведаеш сінюю Палтаўшчыну?..»
Рыгор непарушна стаяў на адным месцы, сьціснуты жалем і помстаю, як стальнымі абручамі. «Ці скора надыдзе час расплаты за гэтыя пякельныя жахі вайны?»
Адказ зацёрла хлынуўшая на яго і пацягнуўшая за сабою грамада пешаходаў. Ён не агледзеўся, як апынуўся перад роўнаю гладзьдзю хваляваўшага жыцьцём Неўскага. Безабдумна пахіліў направа, у бок Анічкавага мосту. Не даходзячы, успомніў пра абед — добра, што побач харчэўня.
Праз хвіліну ён ўжо праходзіў другі паверх, калі яго абазвалі зьнізу. Ён азірнуўся — за ім сьпяшыла Гэля.
ІX
— ЦЯБЕ не нагнаць, Рыгор…
— Гэля?!
— Прыгледзься, ха-ха-ха…
— Няўжо такі Гэля?
— Не пазнаеш?
— Дзень добры!
— Добры дзень!
— Каго я бачу!
— Раптам?
— Якім-жа чынам?