— Мне толькі дваццаць рублёў на адзін месяц, — паўшэптам сказала яна. — Прышлося, ведаеце, да-зарэзу цяжка. Я вам з процантамі вярну. Не адмоўце, галубчык…
— Сарафіна Хлёраўна, дык я-ж ня маю… Апошнія сёньня.
Гаспадыня крута павярнулася і выбегла з пакою.
— А немцам, Рыгор Міхасевіч, ёсьцека? — прагукала яна за дзьвярыма.
— Што-а-а?
Рыгор злосна стукнуў абцасам па падлозе і прыслухаўся.
У кватэры ўсё прыціхла.
— «Слухала, подлая!»
Ён не пасьпеў працягнуць думкі, як ззаду яго шаснулі дзьверы і крокі гаспадыні павярнулі Рыгора да дзьвярэй.
— Кіньце злавацца, Рыгор Міхасевіч, — перапрасіла яна.
— Што вы ад мяне хочаце? — злосна запытаў Рыгор.
— Я прашу вас… Я бачу, што вы не ў настроі сёньня, Рыгор Міхасевіч… Ня выводзьце з маіх слоў нічога дрэннага. Я не хацела вас абразіць — мяне вымусіла… Рыгор Міхасевіч…
Няпрытомнасьць гаспадыні перастала злаваць, а дзівіла. У чым сэнс яе просьбы, прыходу ў пакой, лаянкі, перапрашэньня?
— Я вас не разумею, Сарафіна Хлёраўна.
— Я сама сябе не разумею.
Яна раптам пасумнела і накіравала ў дзьверы.
— Даруйце-э мне, — яшчэ раз перапрасіла.
Рыгор ня даў ёй дайсьці да свайго пакою, як мігам апрануўся і выйшаў з кватэры.
На вуліцы туманіла. Халодная золкая пагода ня спрыяла бадзёрамі настрою. Цягнула назад у памяшканьне. А Рыгор не хацеў варочацца да сябе. Ён перасіліў няўтульнасьць надвор’я і пайшоў да Выбарскае шашы.
На гэтай вуліцы адчувалася заўсёдашняе ажыўленьне. У абодва канцы насіліся рамізьнікі, праяжджалі паравікі. Направа, у бок заводу «Сьветлана», чулася музыка гармоніку. Некалькі п’яных галасоў падпявалі частушачныя мэлёдыі. У другім баку доўгі час сьвісьцеў гарадавы. Хтосьці гвалтоўна лаяўся.
Рыгор крыху пастаяў пры рагавым доме, пасьля пайшоў у бок ясна асьветленай харчэўні.
Ён ужо быў каля самых дзьвярэй, як яго аклікнулі. Ён абярнуўся. Перад ім стаяў сусед па рабоце, Анікей Кузін.
— Чаго ты сюды? — запытаў ён.