Рыгор, азадачаны пачутаю навіною, ускораным крокам пайшоў да сябе.
«Што за дзіва! Адкуль яно гэта?» — праказаў ён уголас і нерашуча пазваніў. «Знача, Наталя на волі! Цікава!»
Адчыніліся дзьверы.
— Вас чакаюць, Рыгор Міхасевіч, — паведаміла гаспадыня.
— Хто?
— Якісьці малады чалавек.
— Даўно?
— А ўжо хвілін з дваццаць.
Адчыніўшы дзьверы ў свой пакой, Рыгор угледзеў Рудольфа Шульца. Той падняўся з крэсла і з газэтаю ў руках гасьцінна кіўнуў галавою.
— Даруй, Рыгор, што я так нахрапна залез у твой пакой.
— Будзь ласкаў, я вельмі рад цябе ўгледзець. Я думаў, што ўжо ты… Чытаў прыказ кранштацкага комэнданта?..
— Чытаў… Вось, бачыш, даводзіцца пакінуць Пецярбург… Ворагам стаў…
Рыгор як зьняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Вестка пра Наталю разбурала яго пачуцьцёвы сьвет, блытаючы увагу да гутаркі.
— Можа-б гарбаты шклянку, Рудольф? — запытаў Рыгор.
— Дзякую. Я зусім на кароткі час. Мне сёньня а дванаццатай гадзіне ўначы тэрмін пакінуць сталіцу.
Рудольф прысеў.
— Я прывёз да цябе, — сказаў ён далей, паказваючы пальцам у бок ложку, — каб ты, браток, захаваў у сябе вось гэту пару маіх куфэрачкаў… Вярнуся — забяру. Можна, Рыгор?
— Куды-ж ты мусіш ехаць?
— Прадпісана ў Орэнбург… Прасіўся да бацькоў — у Перм. Адмовілі…
— І бацькі высланы?
— Го, яны ўжо месяц таму…
Рудольф хвілінку памаўчаў. Пасьля раптоўна ўстаў і зрабіў два крокі па пакоі.
— Ведаеш, Рыгор, бацька мой перажывае вялікую трагедыю. Надовечы атрымаў ліст і, я табе кажу, — жах… Пякельны жах…
Рудольфавы рукі ляглі на махнатай, няпрычэсанай галаве. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў.
— Што, што за дзіва? — прыўстаў і Рыгор.