Пятруся, ці перачытваў весткі са «стаўкі вярхоўнага галоўнакомандуючага» — у вушшу гудзелі яе словы, а ў ваччу мігаўся яе ўмольны, настарожаны выгляд. Рабілася ясна, што Ганна перажывае якісьці крызіс, нейкую жыцьцёвую надарванасьць — іначай-бы яна так раптоўна не паставіла яго перад казытным пытаньнем. «Але што я магу зрабіць, каб ёй пасобіць?». Рыгор не знаходзіў ніякага выйсьця, калі разьбіраўся ў акольваючых умовах.
Наперадзе таксама было беспрасьветна. Між тым ён адчуваў, што яму Ганну шкада. Шкада і балюча… Трэба тым ці іншым заспакоіць дзяўчыну, разагнаць яе настрой, даць ёй зразумець… Што? Вось ад гэтага і разьбіваліся мільгаўшыя ў Рыгоравай галаве пляны. Абнадзеіць Ганну ён ня можа і ня хоча. Ды нават ня ўпэўнены, што яго надзея магчыма яе суцешыць…
Усё-ж ён рашыў наведаць да Ганны. Ён пойдзе да яе і скажа…
Рыгоравы першыя крокі па выйсьці з заводу былі накірованы да спынкі трамваю. Без заезду на кватэру ён пасьпяшыць застаць Ганну ў сябе і паспрабуе ёй растлумачыць… Так — гэта вярней усяго.
— Рыгор?!
Думка раптам разьляцелася: Рыгор паглядзеў перад сабою.
— Артур? Ты якім чынам сюды?
— Цікава? — запытаў Артур Цьвібель.
— Каля гэтага… Ну, пойдам, хіба, да мяне?
— А ты зьбіраўся дахаты?
— Я?.. Я нікуды, можна сказаць, ня зьбіраўся… Усё-ж ідзем разам… А мо’ ты каго-кольвечы чакацьмеш?
— Я знарок да цябе… Ведаеш, я маю цэлы шэраг пытаньняў…
Рыгор узяў таварыша пад руку, і яны завярнулі ўправа ад варот заводу.
— Я ўжо, браток, знайшоў тут ходы і маю як-небудзь ўціснуцца да вас на завод…
Яго перабіў грук падбегшага паравіка. Рыгор міжвольна падаўся ў яго бок.
— Табе куды трэба ехаць? — пераняў Артур Цывібель.
— Я перш думаў… ды нічога… Пойдам… Кажы…
— Але-ж я цябе затрымліваю…
Артур спыніўся і пытальна зазірнуў Рыгору ў вочы.