кола, на многалікіх сьпіцах якога насаджаны чорныя галкі. Мяртвым шулам тырчыць фігура салдата з аружжам у руках. Непарушны, як укопаны, ён ловіць уталопленым узрокам выразы твараў. Сочыць за кожным крокам мігаючых постацяй. А ззаду? Ззаду жалезная брама. У драп’ястых будках — настарожаная варта. І толькі? Не. Вуньдзека, з-за шуляваньняў вокан наглядаюць запасныя нагледачы. Не, тут не рызыкнеш нічым, апроч свайго жьцьця…
Сьвісток. Глухі і калючы: назад! У камеры!..
Ужо галоўка шэрагу накіравалася ў чорную дзірку дзьвярэй. Як у яму, гіне адзін за другім у змроку калідораў…
Пятрусь — на парозе. Ён закідае ногу, каб ступіць у дзьверы, і чуе — за брамаю гукі! Прыйшлі на спатканьне? Няўжо і да яго таксама?
Хто-б з яго прыяцеляў надаўміў яго ашчасьлівіць? Рыгор? Другога — няма. А вось яго голас…
— Пятрусь, не затрымоўвай…
Шаргатня крокаў аддзяліла яго ад зыкаў за брамаю. Змрок калідораў ахутаў прапахлым паветрам…
Забранчэлі замкі ў дзьвярах — доўгі ланцуг з людзей парваўся на часткі. Некалькі хвілін, і Пятрусь у абоймах суровай камеры. Цішыня. Ну, сэрца-ж нешта адчувае. Пятрусь настарожваецца, мярцьвее… Раптам зычны стук замка разразае спакой.
— Бок, да вас прыйшлі.
— Да мяне?
Пятрусь хапіўся за вушы і вытарашчыў вочы.
Сьледам, незаўважана для самога сябе, ён пайшоў за нагледачом. Калідоры, сходы — дарога да выйсьця. І вось яшчэ не закругліўся паварот, як шустрыя ўзрокі абнялі стройную постаць Рыгора. Яны сышліся ля перагародкі.
— Бра-ат… — хацеў выгукнуць Пятрусь, ды ўстрымаўся.
Пачуцьцё ўцехі ён выліў у гарачым зацяжным пацалунку Рыгора.
— А я думаў, ведаеш, што і ты…
— Пакуль, вось…
— Ты атрымаў мой ліст?
— Мне Рыма яго прачытала.
— Рыма?
— Ну, а з табою як?
— У моцных руках…