грамаду. Гоман і крык сьціхлі, сьціснуліся шарэнгі і людзі пакорліва пашнуравалі за горад. Нават хутка пачуліся песьні… Прызнаюся, браток, я і дагэтуль губляюся ў блытаніне падобных зьяў… Вось-жа, вось, пры вугле кожнае хаты роспачныя жанкі і замурзаныя ў сьлёзах дзеці — ужо сіраты, бязмоцныя, пакінутыя — а там, мо’ на гоні ад іх, сярод залатых снапоў жыта — песьні… Лебядзіныя песьні соцень здаровых, поўных жыцьця людзей — па дарозе да бойні… Толькі пудрысты пыл над мястэчкам — слупам…
— Гоняць, — заўважыў Рыгор.
— Тое і дзіва, што ідуць на імпэрыялістычную вайну ды яшчэ з песьнямі. Але мне здэцца, што гэта да першае стрэчы з жахамі вайны… Хутка яе сутнасьць выкрыецца перад усіма.
Рыгор задумаўся.
— Сапраўды складаныя пытаньні, — згадзіўся ён на канцы Вядзенскай.
Пры павароце на Кронвэрскі проспэкт іх спыніў праезд палка кавалергардаў. Здаровыя, ружатварыя, адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі, нават жыцьцёрадымі. Дагледжаныя, падабраныя пад масьць — каштаны-коні зіхацелі чыстаю шэрсьцю, як палітураю.
Стракаталі каменьні бруку — іх білі шротам цяжкія падковы. Адгароджваючы эскадронныя чатырохкутнікі з людзей, ехалі адзінкамі то па двое дасьціпна адзетыя, ганорна-задзёрыстыя командзіры.
Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсьцяж тротуараў, сочачы за кавалергардамі. Тысячамі ўзрокаў акідалі маладых, падабраных сялян-дзяцюкоў, якіх пасьцягалі з глухіх вёсак агромністае краіны ў прывілейныя палкі царскае арміі. З боку гледачоў чуліся развагі. «Жалезная сіла», — цешыўся дробны, сухарлявы чыноўнік. «Гвардыя першай пойдзе на фронт», — паведамляў якісь дэндзі, з моноклем у воку. «Ці не на фронт яны ўжо?» — дапытваў разношчык памідораў, з пірамідаю чырвоных фруктаў на галаве. «Не павінна… Го, не — тут і вакзалу блізка няма», — адказваў прыказчык з рагавое булачнае.
Тут-жа, недалёка ад Рыгора з Рудольфам, нікому не заўважаны, торкаўся ў натоўпе юркі, гарачы патрыот, які зьнянацку, нечакана выгукнуў: «Слава мужнай гвардыі!» Яго ніхто не падтрымаў, але мігам людзі рынуліся на выгук. Вачавідкі вырасла