Ці-ж заглушыць гук патрыётычных літаўраў чыстату і бунт мільённае скаргі?
Ці-ж пяройме паводку помстных сьлёз каламутнае пачуцьцё зданнага патрыотызму?
Ой, не! Ой, пільнуйся разбазыраны Неўскі, цябе затопіць раскалыханая хваля ваколічнае сілы… Яна скора прарвецца і ліне. Гэта будзе сіла ня дробнай кучкі падбітых гандляроў і пакорных чынуш з портрэтам Мікалая, разбураючы гмах на рагу Марское. Не…
Гэта будзе суд і помста…
Будзе, а пакуль… Восемнаццатае ліпеня адгукнулася гарматнымі стрэламі…
Вайна! Ужо падаюць знарады праз сіні Дунай, крышачы будынкі Белграду.
Вось! Вось!
Доўгая паласа паперы зьвесілася ў акне рэдакцыі суворынскае рэптыліі… Людзкі струмень, як вада, стрэўшая застаўкі, зьбіраецца ў бурлівую грамаду на рагу Неўскага і Садовай і сотнямі вачэй упіраецца ў няроўныя літары сьвежых паведамленьняў. З вуснаў у вусны, трывожна-жахліва і задаволена-кічліва, перадаюцца яны з вуліцы на вуліцу, з пляцу на пляц.
Людзкі віхор яшчэ болей разьюшваецца, мацней гудзе, шпарчэй паглынае прастор.
— Бедныя сэрбы! Дзе-ж іх каралеўская чэта жыцьме! — вылятае з тоўстых набраклых крывёю губ круглага гасьцінадворца…
— Барбары! Стары Франц з вума сышоў! — злуецца пруткаваты, худы, з бародкаю клінком, з кійком у руцэ, з філёзофскім выразам на твары, адвокат.
— А мы, як заўсёды, дрэмлем! Нямецкая рука арудуе ў нас пад бокам, — дадае яго сусед, з мінаю ісьціна-рускага купца.
Сьледам дзесяткі самаўвераных і ганаровых сказаў, сотні пагроз і столькі-ж ябедных, гіронічных жартаў — туляюць над бразгаючымі трамваямі, над шпарка езьдзячымі аўтомобілямі.
Жаднага сумненьня.
Раступаюцца натоўпы перад сівымі надутымі, бясчулымі генэраламі. На чырвоных крывавых лямпасах адбіваюцца нованароджаныя чаканьні і спадзяваньні.
Скончана пра ўсё іншае! Годзе сумненьняў…