ся. Ён зьмяшаўся ў грамадзе рабочых з іншых фабрык і заводаў. Дзе і што Пятрусь, цяжка было рашыць. А шукаць — куды там! Ня час і ня месца. І ён, адзін сярод чужых, чуўся сваім кожнаму, з кім стыкаўся і каго бачыў вакола сябе…
Не заўважыў, як маніфэстацыя наблізілася да новага спатканьня з казакамі. Яны нацянькі скакалі да рабочых наператоч, але ніхто не пакінуў радоў. Маніфэстацыя пасувалася наперад, і яе напорыстасьць спыніла казакаў; тыя зьмяшаліся ў кучу і павярнулі ў бакавую вуліцу, дзе чулася тая-ж марсэльеза. Рыгор з агідаю паглядзеў ім усьлед і адвярнуўся наперад — ішоў трамвай, а яго спынялі. Жалезным ланцугом аперазалі яго рабочыя з усіх бакоў, высадзілі публіку і тут-жа прыняліся валіць з рэек. Рыгора забрала хэньць пасобіць гэтаму. Ён цьвёрдым крокам накіраваў да пярэдняе пляцоўкі вагона. І ў момант, калі яго рукі выцягнуліся наперад, ён пачуў ззаду сябе:
— Рыгор! Таварыш Нязвычны!
Ён спыніўся і азірнуўся. Тут-жа, чуць ня поплеч, стаяла Ганна. Рыгор сумеўся ад нечаканасьці, адвёў рукі і некалькі хвілін ня ведаў, што сказаць.
— Якім чынам? — запытаў яе.
Але яго пытаньне мігам расплылося ў гучным «ура» грамады, паваліўшай вагон трамваю. Толькі хвілін праз пяць, калі грамада заціхла, Ганна ўзяла Рыгора пад руку і праказала:
— Не пазнаеш?
— Цябе?
— Ганны.
Грамада закалыхалася, веерам разьбягаючыся ў бакі — зноў несьліся казакі. Рыгор з Ганнаю кінуліся ў бліжэйшы двор.
— Якім чынам ты тут? — паўтарыў Рыгор першае пытаньне, калі яны спыніліся ля жалезнае брамы.
— Не чакаў?
— У гэтых умовах — ня думаў… Прымха…
— Я чула нутром, што ты ў асяродку забастовачных падзей…
— Ты… чула… нутром?..
Гутарка не вязалася як сьлед — уплыў вакольных абставін адцягаў Рыгораву ўвагу ад інтымнага пачуцьця спатканьня. Яму не стаялася пад скляпеньнем аркі, а прагло на вуліцу. Але прысутнасьць Ганны перашкодзіла. Нявыразна, а яе істота давала сябе адчуваць… І Рыгор, радуючыся, злаваўся ды непакоіўся; мэрам-бы знаходка ня поўнасьцю компэнсіравала згубу…