шылі Пятрусёвы павароты, Пятрусёў выгляд, Пятрусёвы манеры. Рыгор радаваўся таму, што Пятрусь лёгка паддаваўся ўплыву да яго новых абставін, гарадзкой шліфоўцы. Было прыемна глядзець на таварыша прыадзетага, прыбранага, стройнага і далікатнага, якім зрабіў яго Пецярбург.
— Ну, а як табе тут? — запытаў Рыгор.
— Як бачыш — жыву, — адказаў Пятрусь.
— Падабаецца?
— Чаму-б не падабацца? А ты думаў, што я не падыду да гораду?
— Ня тое, каб… але не спадзяваўся цябе стрэць тым, чым стрэў.
Пятрусь разрагатаўся.
— А я, браток, прывык і спадабаў горад.
— Гэта мяне цешыць…
— Вось скажы мне кінуць Пецярбург — дык нізашто… Звыкся і зросься… Не хапала цябе… Нудзеў, ведаеш, па табе і трывожыўся за твой лёс… А дазнаўся дзе ты — надзвычайна ўзрадваўся… Ты мне раскажаш пра цябе? Вось перакусім сяго-таго і пройдзем па вуліцы — пакажу табе Лясное… Як яно так выйшла, што ты зараз перада мною — проста цуда…
Пятрусь паціснуў плячыма і прыемна ўсьміхнуўся.
— Мэрам-бы ў тых самых Сілцох — году, як ня было. Цэлага году! Падумаць! А колькі перажылося за гэты год…
— У наступным большага трэба чакаць… Бачыш…
— Бачу, чаму не… Пецярбург ахоплены пачуцьцём трывогі… І ў нас сёньнека абгаварвалі бягучы момант… Надыходзяць буйныя здарэньні. Ты-ж чытаў?
— Чытаў, чаму не…
— Глядзі, як шпарка заблытваецца клубок… Але цікаўней з настроем рабочых. Вось так і бурліць… Магчыма забастоўка… Агульная…
У дзьверы пастукалі.
— Гарбата!
— Калі ласка.
Хударлявая, сярэдняга росту, з мілавідным тварам, чыста адзетая маладзіца ўвайшла ў пакоік з невялікім чайнікам у руцэ.
— Дзе вяліце паставіць?
— Вось-вось, калі ласка.