ЧАСТКА ПЕРШАЯ
I
РЫГОР АБУДЗІЎСЯ. Расплюшчыў вочы і паглядзеў: маленькая каморка, брудная і няпрыветная ўчора вечарам, зараз сьмяялася ветлівай гасьціннасьцю. Сьцены, аблезлае люстра, паломаны стол і крывы тапчан — мыліся бліскучым сонцам, плаўкім і празрыстым. Маленькае вакенца ў шэсьць няроўных, шыбак — зіхацела, адбіваючыся рамамі на сьцяне…
А ў дварэ, за сьцяною, моцна і рэзва гаманілі. Некалькі галасоў, грубейшых і танчэйшых, гулчэйшых і цішэйшых. Усе нэрвовыя, трывожныя, але трывогаю ня злою, балючаю, а лёгкаю ды звонкаю.
Гамонка перарывалася, пераскаквала тонамі, на нейкі час спынялася, каб зноў пачацца…
Вось некалькі галасоў зьліліся ў адзін, разбавіліся, сталі крапчэйшымі, ім мэрам-бы хто набіваў абручы на жалезную бочку…
Раптам заіржэў конь і людзкі гоман.
Што-б там гэткае?
Рыгор прыпадаяўся: — не хацелася ўставаць — нядзеля — і паглядзеў. Наўскасяк акно, таму ў яго ваччу мігнулася колькі асоб, трасянуўшы поламі сівых сьвітак. Зразумела — былі сяляне. Кірмаш, местачковы, звычайны. Заехалі сяляне ў карчму, абступілі перакупшчыкі.
Смагін — тыя-ж Сілцы… Учора ехаў і зьлічаў — акурат. Вузкая, крывая вуліца. Пры хатах — садкі. У хатах — вячоркі: дзяўчаты, хлопцы. Прайшлі вуліцаю мужчыны ды з песьняю:
— Ой, у лузе, лузе…
А за акном гучней:
— Х-га-а-га-га-а! Гм-гы-ы!
Няўжо гэткі ўпарты торг?..
Зноў гоман, падобны гулу…
«Пагляджу!»