яго ведае куды й зачым. Не глядзіць — свае тут ці чужыя, а гыркаецца, плюгавец.
— Дай-дай, Ахрэм! Дай-дай… — пад’юшыў жартоўна доўгі час маўчаўшы Гаўрыла: — Трэба маладых трымаць у руках; не пашкодзіць, потым падзякуюць… — Грамадка ўголас разрагаталася, ажно адгалос пайшоў па ўсім дзядзінцы.
— Папаўся, Даніла, ага? — кінулі яму некалькі чалавек.
Гутарку якраз перабіў вокліч Цыбуліна, які чуўся з супроцьлежнага боку дзядзінца.
— Таварыш Ложка! Едзьце сюды, таварыш Ложка!
Служачыя й рабочыя пераглянуліся адзін з другім, пэўна, дзівячыся з прозьвішча Ладымера, а пасьля расступіліся і далі дарогу коням, якіх Гаўрыла ўраз-жа рушыў з месца.
Ладымер пайшоў паперадзе, жонка з мацераю і дзіцём ззаду. Усьлед, крыху наводаль, пайшло некалькі жанок і дзяцей; мужчыны, абгаворваючы розныя пытаньні ў зьвязку з прыездам майстра, разыходзіліся па хатах.
На дварэ цямнела й цішэла. Толькі зрэдку выкрыкваў пастух, разганяючы ў стадоле кароў па мясцох, да ціха перакрэктвалі гусі ў хлявушку. З-за парку, у бок возера, даносіўся водгалас вясковых. Вось чаму выразна была чутна па ўсім дзядзінцы гутарка Цыбуліна з Ладымерам.
— Гэту ноч пераначуйце тут, хоць хрыху й несамавіта, але на скорую руку. Выбачайце ўжо, — перапрашаў Цыбулін.
— Што-ж рабіць, перакідаемся як-кольвечы, калі няма лепш… Вось яшчэ-б з нашым фурманом: яму таксама патрэбен начлег… Зрабеце ласку, уладуйце…
— Уладуем. З ім лягчэй. Пакормім і дамо начлег.
Цыбулін хвацка закруціўся і дзесь пабег. Гаўрыла з Ладымерам пачалі зьнімаць з воза і ўносіць у хату Ложкавы рэчы.
V
Назаўтра, а восьмай гадзіне раніцы, калі яшчэ сям’я смачана спала, Ладымер Ложка падняўся з пасьцелі, адзеўся і пайшоў да ўпраўляючага. Ладымер надумаў за дзень ула-