ніла мяне пачуццё волі пасля такога ганебнага і жахлівага становішча, у якім я знаходзіўся. Я зараз-жа прапанаваў усю маю маёмасць капітану, як узнагароду за маё збавенне, але ён велікадушна адмовіўся, кажучы, што нічога ад мяне не возьме і што ўсе мае рэчы будуць звернуты мне ў непарушнасці, як толькі мы прыедзем у Бразілію.
— Бразілія вельмі далёка ад вашай радзімы, і вы памрэце там з голаду, калі я адбяру ў вас вашу маёмасць. Навошта-ж было мне вас ратаваць? Не, не, сін‘ёр, я давязу вас да Бразіліі дарма, а вашы рэчы дадуць вам мажлівасць пражыць там, колькі спатрэбіцца, і аплаціць ваш праезд на радзіму.
Раздзел чацверты
Рабінзон пасяляецца ў Бразіліі. — Ён зноў адпраўляецца ў мора і церпіць крушэнне.
Капітан быў велікадушны не толькі на словах, але і на справе. Ён распарадзіўся, каб ніхто з матросаў не пасмеў дакранацца да маёй маёмасці, перапісаў усе мае рэчы і склаў іх у асобным памяшканні, а опіс перадаў мне, каб я, прыехаўшы ў Бразілію, мог атрымаць у непарушнасці кожную рэч.
Яму вельмі падабаўся баркас, які меў вялікую каштоўнасць. Ён сказаў, што ахвотна купіць яго ў мяне, і спытаў, у колькі я яго цаню. На гэта я адказаў:
— Вы абышліся са мной так велікадушна ва ўсіх адносінах, што, уступаючы з вамі ў гандлёвую здзелку, я ні ў якім разе не пачну