Адзін з нашых людзей урачыста падышоў да капітана і сказаў:
— Капітан, вас кліча начальнік!
А капітан не менш урачыста адказаў:
— Перадайце начальніку, што я зараз з‘яўлюся.
Гэта зрабіла велізарны эфект: усе засталіся ў поўнай упэўненасці, што начальнік вострава дзесьці блізка з усёй сваёй арміяй у пяцьдзесят чалавек.
Калі капітан падышоў да мяне, я паведаміў яму свой намер авалодаць караблём пры дапамозе ваеннапалонных. Капітан быў у захапленні. Мы вырашылі прывесці гэты план у выкананне на другі-ж дзень.
— Але каб дзейнічаць напэўна, не баючыся за поспех, — сказаў я капітану, — нам трэба раз‘яднаць палонных. Аткінса з двума іншымі закаранелымі бандытамі мы засадзім ў мой склеп, дзе сядзяць двое. Хай Пятніца і ваш памочнік адвядуць іх туды. А для астатніх я знайду месца.
Так мы і зрабілі: трох пасадзілі ў склеп, які сапраўды быў падобны на даволі суровую турму, асабліва для людзей і без таго не памятаючых сябе ад страху, а астатніх я адправіў на сваю лясную дачу. Высокая агарожа рабіла яе таксама даволі надзейным месцам для зняволення, тым больш, што арыштаваныя былі звязаны і ведалі, што ад іхніх паводзін залежыць іхняя доля.
На другі дзень зранку я паслаў да іх капітана для перагавораў. Ён павінен быў даве-