Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

грэсці вёсламі, ён прасіў мяне падумаць, каго я яшчэ хачу ўзяць з сабой, апрача ўжо выкупленых, і дамовіцца з імі ехаць у бліжэйшую пятніцу, якую ён прызняачыў для нашага ад’езду. Я дамовіўся з дванаццацю іспанцамі — усе добрыя грабцы і людзі, якія маглі вольна пакінуць горад. Нялёгка было знайсці іх менавіта ў той час, бо якраз дваццаць караблёў пайшлі крэйсіраваць у мора і забралі з сабою ўсіх грабцоў. Я нічога не сказаў маім грабцам, апрача таго, што ў наступную пятніцу ўвечары яны павінны выйсці з горада па адным, непрыкметна накіроўваючыся да саду Ахі-Марато, і там чакаць мяне, покуль я не прыеду. Кожнаму ў паасобку даў я гэты загад, папярэдзіўшы, што ў выпадку, калі-б яны ўбачылі яшчэ іншых хрысціян, не казаць ім нічога.

Мне аставалася яшчэ паведаміць Сараіду, каб яна была падрыхтавана, чакала нас і не спалохалася, калі-б мы з’явіліся нечакана. Я парашыў ісці ў сад і паглядзець, ці не змагу я пагаварыць з ёю. Выдумаўшы прычыну, нібыта мне трэба сабраць некаторыя травы, я пайшоў туды напярэдадні дня, прызначанага для нашага ад’езду. Першы, каго я сустрэў у садзе, быў бацька Сараіды, загаварыўшы са мной на мове, на якой маўры гавораць з палоннымі. Ён запытаў у мяне, што я шукаю ў яго садзе і чый я слуга. У адказ я паведаміў нібыта я нявольнік арнаута Мамі (я ведаў, што Мамі быў яму блізкім сябрам) і шукаю травы для салаты. Потым ён запытаў — на выкупе я або не і колькі мой пан просіць за мяне.

Покуль мы так гутарылі, вышла з альтанкі Сараіда, даўно ўжо заўважыўшая мяне; з той прычыны, што маўрытанкі не саромяцца паказвацца хрысціянам, яна падышла туды, дзе я стаяў з яе бацькам. Было-б лішнім, калі-б я пачаў апісваць прыгожасць, пекнасць, багатыя і раскошныя ўборы, у якіх любая мая Сараіда з’явілася тады перада мной. Адно скажу: вакол яе прыгожай шыі, у яе вушах і косах было больш перлаў, як валасоў на яе галаве.

Як толькі яна падышла да нас, бацька сказаў ёй на