Старонка:Домбі і сын.pdf/589

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Капітан шмат разоў спрабаваў пачаць размову з філосафам, хоць-бы пры дапамозе выклічніка або сігнала, але яму гэта не ўдавалася. Так дайшлі яны да капліцы, чысценькага белага будынка, які нядаўна арандаваў прападобны Мельхіседэк.

Пакуль прападобны Мельхіседэк чытаў нейкія імправізаваныя малітвы, капітан, выгадаўшы хвілінку, прабурчэў на вуха жаніху:

— Як маецеся, прыяцель, як маецеся?

На што Бансбі адказаў:

— Надта дрэнна.

— Джэк Бансбі, — прашаптаў капітан, — вы гэта робіце па добрай волі?

Містэр Бансбі адказаў:

— Не.

— Дык навошта-ж гэта рабіць, прыяцель? — задаў капітан досыць натуральнае пытанне.

Бансбі, па-ранейшаму паглядаючы са спакойнай фізіяноміяй у бязмежную далячынь, не даў ніякага адказу.

— Чаму-б не адчаліць? — сказаў капітан.

— Э? — шапнуў Бансбі, убачыўшы пробліск надзеі.

— Чаму-б не адчаліць? — паўтарыў капітан Катль.

— Якая з гэтага карысць? — запярэчыў няшчасны мудрэц. — Яна мяне зноў зловіць.

— Паспрабуйце! — сказаў капітан. — Не падайце духам! Ну! Цяпер зручны момант. Адчальвайце, Джэк Бансбі!

Але замест таго, каб паслухацца гэтай парады, Джэк Бансбі тужліва прашаптаў:

— Усё пачалося з вашага куфра. І навошта-ж толькі я адвёў яе тады вечарам у порт?

— Прыяцель, — запінаючыся сказаў капітан, — я думаў, што вы яе перамаглі, а не яна — вас. Вас, чалавека такога розуму!

Містэр Бансбі глуха застагнаў.

— Хутчэй! — сказаў капітан, падштурхваючы яго локцем. — Цяпер зручны момант! Адчальвайце! Я прыкрыю ваша адступленне. Цяпер самы час уцякаць. Бансбі! Цяпер ці ніколі!

Бансбі не зрабіў гэтага цяпер і не зрабіў гэтага ніколі, бо зараз-жа пасля гэтага місіс Мак-Стынджэр вышла за яго замуж.

Капітану і ў галаву не прыходзіла вярнуцца да старога Соля Джылса, не зайшоўшы папярэдне даведацца, як здароўе містэра Домбі, хоць дом, дзе ляжаў хворы, быў у ваколіцах Лондана, там, дзе пачыналіся лугі.

Калі капітан стамляўся, ён прасіў каго-небудзь падвезці яго і з вялікай прыемнасцю рабіў гэта падарожжа.

Шторы былі спушчаны, і ў доме была такая цішыня, што капітан не адважваўся пастукаць; але, прыслухаўшыся ля дзвярэй, ён пачуў прыглушаныя галасы, ціханька пастукаў і быў упушчаны містэрам Тутсам. Містэр Тутс з жонкай толькі што прыехалі сюды, пабываўшы спачатку ва ўладаннях Мічмана, каб пабачыць капітана, і даведаўшыся там адрас.