Старонка:Домбі і сын.pdf/346

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта мая дачка! Гэта мая Эліс! Гэта мая красуня-дачка, яна жывая і вярнулася! — віскатала старая, гойдаючыся і прыціскаючыся да грудзей дачкі, якая холадна адказвала на яе абдымкі. — Гэта мая дачка! Гэта мая Эліс! Гэта мая красуня-дачка, яна жывая і вярнулася! — завіскатала яна зноў, кінуўшыся перад ёю на падлогу, абхапіўшы яе калені прыціскаючыся да іх галавой і па-ранейшаму гойдаючыся з боку на бок у нейкім утрапенстве.

— Так, матуля, — адазвалася Эліс, нахіляючыся, каб пацалаваць яе, але нават у гэты момант стараючыся вызваліцца з яе абдымкаў. — Нарэшце я тут! Пусціце, матуля, пусціце! Устаньце і сядзьце на крэсла. Што за карысць ад гэтага?

— Яна вярнулася яшчэ больш жорсткай, чым пайшла, — усклікнула маці, пазіраючы ёй у твар і ўсё яшчэ чапляючыся за яе калені. — Ёй няма да мяне справы! Пасля ўсіх гэтых год і ўсіх маіх пакут!

— Ну, што-ж, матуля! — сказала Эліс, патрасаючы свае парваныя спадніцы, каб вызваліцца ад старой. — Можна паглядзець на гэта і з другога боку. Гады прайшлі і для мяне таксама, як для вас, і пакутвала я таксама, як і вы. Устаньце, устаньце!

Маці ўстала з кален, заплакала і, ломячы рукі, стаяла воддаль, не спускаючы з яе позірку. Пасля яна зноў узяла свечку і, абышоўшы вакол дачкі, агледзела яе з галавы да ног, паціху хныкаючы. Пасля паставіла свечку, апусцілася на крэсла і, пляскаючы ў далоні, нібы у такт цягучай песні, і гойдаючыся з боку на бок, прадаўжала хныкаць і лемантаваць.

Эліс устала, скінула мокры плашч і паклала яго ў бок. Скончыўшы з гэтым, яна зноў села, склала накрыж рукі і, пазіраючы на агонь, моўчкі, з пагардлівай мінай слухала невыразныя скаргі сваёй старой маці.

— Няўжо вы думалі, матуля, што я вярнуся такою-ж маладой, якой паехала? — сказала яна, нарэшце, зірнуўшы на старую. — Няўжо вы думалі, што такое жыццё, якое пражыла я ў чужых краях, упрыгожвае чалавека? Дапраўды, можна гэта падумаць, слухаючы вас!

— Не ў гэтым справа! — усклікнула маці.

— Дык у чым-жа справа? — адазвалася дачка. — Лепш-бы вы хутчэй кінулі, матуля, бо пайсці адсюль мне лягчэй, чым прыйсці сюды.

— Вы толькі яе паслухайце! — закрычала старая. — Пасля ўсіх гэтых год яна пагражае зноў мяне пакінуць у тую самую хвіліну, калі толькі што вярнулася!

— Паўтараю вам, матуля, гады прайшлі і для мяне таксама, як для вас, — сказала Эліс. — Вярнулася яшчэ больш жорсткай? Вядома, вярнулася яшчэ больш жорсткай. Чаго-ж вы чакалі?

— Больш жорсткай да мяне! Да сваёй дарагой маці! — усклікнула старая.