ЦІ ВЫРАТАВАНЫ?
Праз некалькі мінут маленькая лодачка, так званая гічка, якімі звычайна карыстаюцца для сваіх раз'ездаў камандзіры суднаў, адышла ад карвета. У ёй былі два чалавекі: за рулём сядзеў стары пасажыр, за вёсламі — матрос-ахвотнік. Было яшчэ вельмі цёмна. Выконваючы інструкцыі капітана, матрос старанна гроб да скал Ле-Менк'е. Кожны іншы шлях быў немагчымы.
У лодку паспелі палажыць сёе-тое з харчоў: мяшок з сухарамі, кавалак вэндліны і бачонак з вадой.
Адлегласць паміж карветам і шлюпкай пачала ўсё больш і больш павялічвацца. Вецер і кірунак хваляў спрыялі грабцу, і маленечкая лодачка ляцела наперад, то мільгаючы ледзь значнай кропкай у досвітным змроку, то знікаючы за грэбнямі хваляў.
Злавеснае чаканне навісла над морам.
Раптам сярод усеахапляючай трывожнай цішыні акіяна з карвета пачуўся чалавечы голас:
Казаў капітан дзю-Буабертло:
— Маракі яго вялікасці караля! Падыміце белы флаг на гротмачце: мы сустракаем нашу апошнюю зару.
З карвета пачуўся гарматны стрэл.
— Хай жыве кароль! — закрычала каманда.
Тады з боку гарызонта даляцеў другі, далёкі крык, многагалосны, зліты з шумам хваль, але ўсё-ж такі выразна чутны:
— Хай жыве Рэспубліка!
І грукат залпу з трохсот гармат скалануў марскую глыбіню.
Барацьба пачалася. Усё мора завалакло дымам, скрозь які бліскалі маланкі стрэлаў. З хваляў з усіх