ваў кат. Сонечнае святло разгаралася і залівала раскошным блескам увесь небасхіл.
Але вось пачуўся прыглушаны бой абцягнутых чорным крэпам барабанаў. Пахавальныя гукі набліжаліся. Рады раздаліся: у жывую агарожу ўступіла працэсія і накіравалася да эшафота.
Спачатку паказаліся чорныя барабаны; за імі — рота грэнадзёраў з апушчанымі стрэльбамі; потым узвод канваіраў; потым асуджаны. Другі ўзвод канваіраў ішоў ззаду.
Говэн ішоў вольна; ні на руках, ні на нагах у яго не было ланцугоў. Ён быў у паходнай форме, са шпагай.
Твар яго ўсё яшчэ свяціўся задуменнай радасцю, асвятліўшай яго ў тую мінуту, калі ён сказаў Сімурдэну: «Я думаю пра будучыню».
Дайшоўшы да сярэдзіны агарожы, ён перш за ўсё паглядзеў на вышку вежы. На гільятыну ён нават і не зірнуў. Ён ведаў, што Сімурдэн будзе лічыць сваім абавязкам прысутнічаць пры выкананні прыгавару: яго і шукаў ён вачыма. І знайшоў.
Сімурдэн здаваўся мёртвым — такі ён быў бледны і нерухомы. Стаяўшыя ля яго не чулі яго дыхання. Убачыўшы асуджанага, ён не ўздрыгануўся, не варухнуў нават брывёю.
Говэн між тым набліжаўся да эшафота. Ён ішоў, не спускаючы вачэй з Сімурдэна, а Сімурдэн глядзеў на яго: здавалася, у поглядзе маладога чалавека ён знаходзіў падтрымку.
Говэн падышоў да падножжа эшафота і ўзышоў на памост. Афіцэр, які камандаваў ротай грэнадзёраў, падняўся следам за ім. Говэн адшпіліў сваю шпагу і перадаў яе афіцэру; потым зняў гальштук і аддаў яго кату. Ніколі не быў ён такім прыгожым. Яго цёмныя валасы