— «..і кожны, хто дасць ім прытулак ці дапаможа ім уцячы, будзе аддадзены ваенна-палявому суду і пакараны смерцю. Падпісана…»
Зрабілася ціха, як у магіле.
— «… Падпісана: дэлегат Камітэта грамадскага ратавання Сімурдэн».
— Таксама ксёндз, — сказаў адзін з сялян.
Мэр, які стаяў на балконе, прыўзняў капялюш і крыкнуў:
— Хай жыве Рэспубліка!
Барабанны бой абвясціў, што глашатай яшчэ не скончыў. І сапраўды, ён зрабіў знак рукой і сказаў:
— Слухайце далей. Вось апошнія чатыры радкі ўрадавага абвяшчэння. Яны падпісаны камандуючым экспедыцыйнага атрада паўночнага пабярэжжа Говэнам.
— Слухайце, слухайце! — пачуліся галасы.
Глашатай пачаў:
— «Пад страхам кары смерцю…»
Усе затаілі дыханне.
— «… паводле вышэйпрыведзенага распараджэння ўрада, забараняецца дапамагаць і садзейнічаць дзевятнаццаці памянёным вышэй мяцежнікам, якія цяпер абкружаны і запёрты ў вежы замка Тург».
— Што такое? Тург? — пачуўся нечы голас.
Гэта быў жаночы голас, голас мацеры.
ГУЛ СЯЛЯНСКАГА НАТОЎПУ
Мішэль Флешар стаяла ў натоўпе, які акружаў глашатая. Яна нічога не чула. Толькі адно слова яна пачула: «Тург». Яна падняла галаву і паўтарыла:
— Тург?
На яе азірнуліся. Яна мела дзікі выгляд у сваім