— Так, але для гэтага трэба мець кароткія лесніцы.
— Дастаньце.
— Гэта не так лёгка. Вы самі ведаеце, як варожа ставіцца да нас насельніцтва, як сяляне псуюць масты, разбіваюць павозкі, знішчаюць усё, што толькі можна, каб нічога не дасталося нам.
— Так, яны думаюць такім спосабам знясіліць Рэспубліку — ведаю.
— Яны хочуць перашкодзіць нам цягнуць за сабой абоз, пераходзіць праз раку, браць штурмам сцяну.
— Як-бы там ні было, а лесніца неабходна.
— Вось што прышло мне ў галаву, камандзір. У Жавенэ, пад Фужэрам, ёсць вялікая цяслярская майстэрня: можна там заказаць.
— Нельга траціць ні мінуты.
— Калі патрэбна лесніца?
— Заўтра ў гэты час, ніяк не пазней.
— Я пашлю ў Жавенэ конніка з загадам зрабіць лесніцу на заўтрашні дзень. Дарэчы, у Жавенэ стаіць кавалерыйскі атрад: яны даставяць нам лесніцу пад аховай. Заўтра да захаду сонца яна будзе тут.
— Добра, гэта будзе не позна, — сказаў Говэн. — Толькі паспяшайцеся. Ідзіце.
Праз дзесяць мінут Гешан вярнуўся і далажыў:
— Камандзір, пасланец паскакаў у Жавенэ.
Говэн падняўся на плато і доўга глядзеў на замак, які ўзвышаўся за ровам.
Ён зрабіў усё, каб з замка нельга было ўцячы. Ён яшчэ больш звузіў кола блакады, яшчэ больш сціснуў шэрагі сваіх батальёнаў, каб ніводзін чалавек не мог прабрацца скрозь іх. Яны з Сімурдэнам падзялілі між сабой работу ў надыходзячым штурме. Говэн пакінуў за сабой кіраўніцтва атакай з боку лесу, а Сімурдэн