адправіў у рэволюцыйны трыбунал гэтую зграю старых фанатыкаў — папоў, якіх мы захапілі ў Лувін'е?
— Я не ваюю са старымі.
— Стары поп горш за маладога. Не трэба лішняй літасці, Говэн. Забойцы караля — вызваліцелі народу. Пільна вартуй вежу Тампль.
— Вежу Тампль? Калі-б ад мяне залежала, я выпусціў-бы з яе дофіна[1]. Я не ваюю з дзецьмі.
Позірк Сімурдэна стаў суровым.
— Дык ведай-жа, Говэн, што трэба весці бязлітасную вайну супроць жанчыны, калі яе завуць Марыяй- Антуанетай[2], супроць старога, калі яго завуць папам Піем VI, і супроць дзіцяці, калі яго завуць Людовікам Капетам.
— Дарагі мой настаўнік, я не палітычны дзеяч.
— Я пачынаю за цябе непакоіцца. Чаму ў час атакі на Касэ, калі мяцежнік Жан Трэтон кінуўся з шабляю ў руцэ на нашу калону, ты крыкнуў салдатам: «Рассуньцеся! Прапусціце яго!»?
— Таму, што ганебна для тысячнага атрада салдат кідацца на аднаго чалавека.
— Навошта пры Кайльетры д'Астылье, калі ты ўбачыў, што нашы салдаты спыніліся, каб пакончыць раненага вандэйца Жазефа Без'е, які поўз па зямлі, ты закрычаў ім: «Уперад! Я сам з ім распраўлюся!» і стрэліў уверх?
— Таму што ляжачага не б'юць.
— І ты быў няправы. Абодва гэтыя чалавекі зрабіліся правадырамі мяцежніцкіх банд. Жазеф Без'е —