кады: пачуўся ўдар грому, і гарматнае ядро прабіла дзіру ў сцяне дома, акурат над галавой Говэна.
Барыкада адказала гарматным стрэлам на яго пальбу… Што гэта азначала? Становішча змянілася. Артылерыя цяпер была не толькі на адным баку.
Услед за першым і другое ядро ўрэзалася ў сцяну за два крокі ад яго. Трэцім ядром з яго знесла капялюш.
Ядры былі вялікага калібра: стралялі з шаснаццаціфунтовай гарматы.
— У вас цаляюць, камандзір! — крыкнуў Говэну адзін з яго артылерыстаў і пагасіў факел.
Говэн задумліва нахіліўся і падняў капялюш. У яго сапраўды цэлілі: цэліў Лантэнак, які толькі што прыскакаў на барыкаду з процілеглага боку.
Як толькі ён прыехаў, да яго падбег Іманус.
— Мансен'ёр, на нас напалі…
— Хто?
— Не ведаю.
— Дарога на Дынан вольная?
— Здаецца, вольная.
— Трэба пачаць адступленне.
— Яно пачалося. Многія ўжо бягуць.
— Бегчы не трэба, трэба адступаць. Чаму вы не скарысталі артылерыю?
— Усе замяшаліся ды, апрача таго, не было артылерыйскіх афіцэраў.
— Я сам зараз іду на батарэю.
— Мансен'ёр, я адправіў у Фужэр усё, што можна было, з абоза. Жанчын таксама, — словам, усё лішняе. Што загадаеце рабіць з трыма дзяцьмі, якіх мы ўзялі ў палон?
— Гэтыя дзеці — нашы заложнікі. Адпраўце іх у Тург.