— І ўвесь сёнешні дзень праехалі на ім?
— Так, зранку да вечара.
— А ўчора?
— І ўчора і трэцяга дня.
— Вам трэба адпачыць, грамадзянін. Паслухайце добрай парады. Вы пэўна змарыліся. Паглядзіце на каня: ён стаміўся.
— Конь мае права стамляцца, у чалавека такога права няма.
Карчмар уважліва паглядзеў на твар незнаёмага. Гэта быў спакойны, суровы твар, з сівымі валасамі на галаве. Потым зірнуў на бязлюдную дарогу і сказаў:
— І вы адважваецеся ездзіць адзін?
— Я маю канвой.
— Які?
— Шаблю і пісталеты.
Гаспадар прынёс вядро з вадой, паставіў яго перад канём і, пакуль ён піў, разглядаў незнаёмца і думаў: «Шабля шабляй, а ўсё-ж такі ён нагадвае ксяндза».
Падарожнік зноў загаварыў:
— Вы, здаецца, сказалі, што ў Доле б'юцца?
— Так. Цяпер, мабыць, пачалося ўжо.
— Хто-ж з кім б'ецца?
— Былы з былым.
— Як вы сказалі?
— Адзін з былых б'ецца за рэспубліку, другі — за караля.
— Ды караля-ж ужо няма!
— Ёсць — маленькі. І цікавей за ўсё, што гэтыя двое былыя — сваякі.
Незнаёмы ўважліва слухаў. Карчмар казаў далей:
— Адзін — малады чалавек, другі — стары. Унучаты пляменнік б'ецца з дзядзькам. Дзядзька — раяліст, пляменнік — патрыёт. Дзядзька камандуе белымі, пля-