Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Інкорпорацыя Беларусі ў Расійскую імпэрыю.

У XVII і асабліва ў XVIII сталецьцях хуткім крокам ішоў распад Рэчы Паспалітай польскай, у склад каторай з часу Люблінскай вуніі (1569) уваходзілі Беларусь і Літва. Рэзка вызначаны соцыяльны антагонізм, політычная анархія, нацыянальныя і рэлігійныя спрэчкі бязьлітасна руйнавалі гэтую, на свой манер «клясавую», панскую рэспубліку. Зразумела, што пры такіх умовах гаспадарства жыць далей не магло, і было-бы дзіўным, каб яно не развалілася. Так званыя падзелы Польшчы былі нічым іншым, як простым вынікам разлажэньня Рэчы Паспалітай, што было зьяўленьнем не надворнага, а ўнутранага характару. Ужо на гатовы баль прышлі, ужо за прыгатаваны стол селі нязваныя і незапрошаныя госьці.

Першы падзел адбыўся ў 1773-4 гадох. На аснове акту гэтага падзелу Расійская імпэрыя атрымала ваяводзтвы—Магілёўскае, Мсьціслаўскае і часьць Полацкага. Гэтыя ваяводзтвы злажылі Магілёўскую губэрню з провінцыямі—Магілёўскай, Аршанскай, Мсьціслаўскай, Рагачоўскай і тры провінцыі Пскоўскай губэрні—Дзьвінскую, Полацкую, і Віцебскую. Увесь гэты абшар у далейшыя часы злажыў Магілёўскую і Віцебскую губэрні. Да Расіі далучылася: скарбовых сялян—199.575, прыватнаўласьніцкіх сялян—316.322, шляхецтва—5.521, мяшчан— 127.841; усяго да імпэрыі было прылучана 649.259 чалавек.

Пасьля першага падзелу камандны стан Рэчы Паспалітай нічога старога не забыўся і нічому новаму не навучыўся. Развал гаспадарства не супыніўся. Хатняя барацьба й спрэчкі цягнуліся яшчэ дваццаць год, што зусім аслабіла Польшчу. Зразумела, што суседнія дзяржавы— Прусія, Аўстрыя й Расія, ужо раз пажывіўшыся, пасьпяшылі скарыстаць першы зручны момант. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Менскую вобласьць, з каторай злажылася потым Менская губэрня. Да імпэрыі адышло: скарбовых сялян—81.599, царкоўных і манастырскіх — 111.921, прыватнаўласьніцкіх — 599.741, усяго сялян—793.261.

Праз два гады (1795), ня гледзячы на гэроізм рэформіцкіх шляхецкіх кол, каторыя хацелі рэформамі і дысцыплінаю выратаваць