Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цоўнай беднаты. Сьціснутая штучна ў гарадох і мястэчках Беларусі, яна задыхалася ад узаемнай канкурэнцыі і беспрацоўя. Разам з яўрэйскім рабочым душыўся ў вузкім глухім кутку пападаўшы сюды і рабочы другой нацыі. Эксплёатацыя рабочага на Беларусі даходзіць да страшэнных разьмераў. Рабочы дзень даходзіць да 14, а часам да 16 і 18 гадзін у суткі. Рабочы 3. Райчук, успамінаючы аб тых часох, піша: «мне было тады ўсяго 15-16 гадоў, але працаваць прыходзілася па 17-18 часоў у суткі» («Звезда», 1923 г. 14/III, № 59).

Само сабою зразумела, што, дзякуючы такім умовам жыцьця, яўрэйскі рабочы, а разам з ім і наогул рабочы на Беларусі павінен быў організавацца і ратавацца ад эксплёатацыі куды раней, чым у Расіі. Рабочыя організацыі па гарадох Беларусі існуюць з пачатку 80-х гадоў. Гэтыя організацыі ў некаторых местах яднаюць шмат рабочых. У Менску, напрыклад, рабочыя марксыцкія гурткі ў 1880-2 г. г. налічваюць па 150-200 чалавек. Цікава, што, ня гледзячы на тое, што пераважнай большасьцю членаў гурткоў зьяўляюцца яўрэі, нацыянальнае яўрэйскае пытаньне тут не стаіць востра. Кіраўнікі і сябры гурткоў карыстаюцца як легальнай, так і нелегальнай літаратурай у рускай і польскай мовах. Інтэлігэнты, каторыя кіравалі гурткамі, лічылі сябе рускімі інтэлігентамі. Апроч таго, яны і ня думалі ў той час аб масавай працы сярод рабочых. Сваім заданьнем яны ставілі ўтварыць асобных інтэлігентаў з рабочых, каторыя потым у сваю чаргу рабілі сярод другіх рабочых тую самую працу, што й яны. Праўда, абысьціся зусім без яўрэйскай мовы ўсё-ж такі было немагчыма, бо яўрэйскія рабочыя ў тыя часы яшчэ менш ведалі рускую мову, чым пазьней. Звычайна заняткі ў гуртку адбываліся так: раней чыталася кніжка паруску ці папольску, а потым размовы аб прачытаным і тлумачэньні вяліся ў яўрэйскай мове.

Кіраўнікі першых гурткоў былі найчасьцей марксыстымі. Народніцтва наагул у 80-ыя годы ў гарадох Беларусі пачало губіць сваю популярнасьць; апроч таго рабочы-яўрэй быў пазбаўлен усякай магчымасьці заняцца сялянскай, земляробскаю працаю і асесьці ў беларускай вёсцы. Ясна, што яго не здавальняла народніцтва, праграма каторага была прыстасавана да інтарэсаў селяніна. Зьявілася марксыцкая літаратура, што выдавалася замежнай «Групай вызваленьня працы». У рабочых гурткох на Беларусі ў 80-ыя годы пачалі сваю працу многія вядомыя правадыры сучаснага комуністычнага руху. Паміж іх трэба вызначыць Шарля Рапапорта, каторы зьяўляецца цяпер адным з відных францускіх комуністых.

Апроч агульна-асьветных гурткоў, у канцы 80-х гадоў сярод рабочых на Беларусі зьяўляюцца экономістыя арганізацыі, як, напрыклад, рабочыя пазычковыя касы. Такія касы былі ў панчошніц, краў