Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тарыны ІІ былі забаронены скаргі на сваіх паноў, якія-б гэтыя скаргі ні былі—праўдзівыя ці непраўдзівыя. За ўсякую скаргу на пана, замест яе разгляду, селяніна няшчадна білі бізуном і высылалі ў далёкую Сібір. Зразумела, што пры такіх умовах селянін ня мог адважыцца паскардзіцца на пана, якую-б незаконнасьць ён ні рабіў. Адным словам беларускі запрыгонены селянін, як мы вышэй сказалі, з «быдла» Рэчы Паспалітай польскай зрабіўся «скотиной» імпэрыі Расійскай.

Урад Катарыны ІІ у сваіх дэкрэтах і абвяшчэньнях заўсёды любіў зазначаць, што вельмі клапоціцца аб падтрыманьні «сьвятой» праваслаўнай веры і аб абароне праваслаўнага жыхарства на Беларусі. Трэба, аднак, сказаць, што гэтае падтрыманьне праваслаўнага жыхарства заўсёды было залежным ад таго соцыяльнага стану, да якога належаў той ці іншы праваслаўны. Ясна, што праваслаўны, калі ён быў запрыгонены, бяспраўны селянін, ня меў урадавага падтрыманьня, калі змагаўся з каталіком шляхецкага стану. Інтарэсы соцыяльна-шляхецкія былі для расійскага ураду выключнымі інтарэсамі, каторым падлягалі ўсе іншыя інтарэсы. Вельмі трывалымі ў гэтых адносінах зьяўляюцца наступныя словы з указу Катарыны ІІ, выдадзенага 17 траўня 1793 г. «Ураднікі, каторыя ў местах і на вёсках маюць нагляд над поліцыяй, павінны пільнаваць, каб, прылучаючы да (праваслаўнай) царквы нашай тых, хто таго хоча (з каталікоў і вуніятаў), не ўзялі гэтыя апошнія за прадлог ухіліцца ад паслушэнства паном сваім ці да іншых сваявольстваў». Рэлігія застаецца рэлігіяй, а ўся сутнасьць жыцьця ў «паслушэнстве» селяніна свайму пану.

Апошнія годы XVIII сталецьця.

Вызваліўшыся з пут клерыкальна-шляхецкай рэспублікі, Беларусь апынулася ў ланцугах панска-дваранскага, царскага абсолютызму. Абсолютызм гэтага часу прадстаўлен у Расіі вельмі яскраваю асобаю, сынам Катарыны ІІ, Паўлам І. Яго нядоўгае і сумбурнае кіраўніцтва (1796—1801) дае нам добры і тыповы малюнак таго, да чаго магло даходзіць самадурства і сваяволя расійскага царызму. Нават такі шчыры прыхільнік і абаронца рускага самаўладзтва, як гісторык таго часу Карамзін, называе гэтае кіраўніцтва «царствованием ужаса». І гэта зусім зразумела. Царскі пасад імпэрыі займае нэрвовахворы, інтэлектуальна-ненормальны чалавек, катораму трэба было хутчэй лячыцца ў больніцы, чым займаць царскі пасад. Сын алькаголіка, замораны з дзяцінства бязглуздым выхаваньнем мамак і нянек, потым трыццаць год рызыкаваўшы паміж царскім пасадам і Шлісэльбурскімі мурамі, Павал І і ня мог быць здаровым, нормальным чалавекам. Каб пераканацца ў гэтым, мы маем шмат фактаў, на якіх спыняцца ня будзем. Даволі зрабіць вынятак з аднаго, выданага ім для Масквы прыказу.