— Ратуйце! — крычаў стары. — Ратуйце старога, добрыя людзі!
Пан Мадлен запытаў у гледачоў:
— Ці няма рычага якога-небудзь?
— Па яго паслалі.
— Дык гэта-ж доўга?
— Бадай, чвэрць гадзіны пройдзе, — адказвалі яму.
— Чвэрць гадзіны! — ускрыкнуў Мадлён. — Немагчыма чакаць так доўга, стары-ж задыхнецца!
— Можа быць.
— Слухайце, паны, — пачаў зноў Мадлен, — пад воз можна падлезці чалавеку і прыўзняць яго крыху. Гэта справа ўсяго адной хвіліны. Хто хоча гэта зрабіць, я дам таму пяць залатых.
Ніхто не зварухнуўся.
— Дзесяць даю, — сказаў Мадлен.
Прысутныя апусцілі вочы. Некаторыя прамармыталі:
— Для гэтага трэба мець вялізную сілу. Яшчэ глядзі, самога задушыць!
— Ну, рэбяты, дваццаць залатых, — зноў сказаў Мадлен.
Таксама маўчанне.
— Тут справа зусім не ў жаданні, — заўважыў чыйсьці голас.
Пан Мадлен абярнуўся і пазнаў Жавера. Ён яго раней не заўважыў.
— У іх проста ні ў каго для гэтага нехопіць сілы, — прадаўжаў Жавер. — Трэба быць вельмі дужым, каб прыпадняць на спіне цяжка нагружаны воз.
Потым, пільна гледзячы на Мадлена, ён казаў далей, націскаючы на кожнае вымаўленае ім слова.
— Пан Мадлен, у сваім жыцці я ведаў аднаго толькі чалавека, які мог-бы зрабіць тое, што вы патрабуеце.
Мадлен здрыгануўся. Жавер-жа спакойна казаў далей, не зводзячы позірку з твара мэра:
— То быў катаржнік на галерах у Тулоне.
— А! — вымавіў Мадлен, страшна збялеўшы.
Воз, між тым, усё ціснуў на грудзі няшчаснага старога.
— Я задыхаюся, — хрыпеў ён. — Памажыце, браткі, памажыце!
Мадлен зноў акінуў усіх позіркам.
— Няўжо-ж нікога не знойдзецца, хто за дваццаць залатых захацеў-бы выратаваць чалавека? — зноў запытаў ён.
Ніхто не зварухнуўся. Жавер заўважыў:
— Ніводны чалавек не мог-бы гэтага зрабіць, апрача таго катаржніка.
— Ох, паміраю! — ускрыкнуў стары.