— Аднак, што-ж сюрпрыз? — сказала яна.
— Так, сапраўды, што-ж выдатны сюрпрыз? — паўтарыла Далія.
— Як яны доўга! — дадала Фантына.
Ледзь Фантына вымавіла гэтыя словы, як дзверы расчыніліся і ўвайшоў лакей, які прыслужваў ім у час абеду. У руках ён трымаў прадмет, падобны да пісьма.
— Што гэта такое? — запытала Фавурыт.
— Гэта папера, якую паны пакінулі для вас, паненка, — адказаў лакей.
— Чаму-ж вы не перадалі яе адразу-ж?
— Таму што паны загадалі перадаць яе не раней, як праз гадзіну пасля іх адыходу.
Фавурыт вырвала пісьмо з рук лакея.
— Вой, ды яно без адраса! — ускрыкнула яна. — Дарэчы, тут штосьці напісана.
„Гэта і ёсць сюрпрыз“.
Яна шпарка разарвала канверт і прачытала:
„О, нашы каханыя!
Ведайце, што ў нас ёсць бацькі! Бацькі — вы аб гэтым не маеце разумення. Так па грамадзянскіх пошлых і цэсных законах называюцца бацькі і маці. І вось, гэтыя бацькі стогнуць, гэтыя старыя заклікаюць нас вярнуцца, гэтыя добрыя мужчыны і жанчыны называюць нас распуснымі сынамі, прагнуць нашага звароту да іх і абяцаюць „закласці цяльцоў“ у гонар гэтага. Мы перад імі скарымся, бо мы добрадзейныя. У тую хвіліну, калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, пяць прыткіх конёй будуць імчаць нас да нашых татунь і мамунь. Мы ўцякаем, як кажа Басюэ. Мы едзем, мы паехалі. Тулузскі дыліжанс выцягвае нас з прадоння і прадонне гэтае вы, о нашы чароўныя малюткі. Мы вяртаемся ў грамадства, да абавязкаў, да парадку, кар'ерам, з хуткасцю па меншай меры трох лье ў гадзіну. Для дзяржавы неабходна, каб мы зрабіліся, як і ўсе, прэфектамі, бацькамі сем'яў, чыноўнікамі і дзяржаўнымі советнікамі. Паважайце нас. Мы прыносім сябе ў афяру. Хутчэй праліце над намі слёзы і адразу-ж замяніце другімі. Калі гэта пісьмо разарве вам сэрцы, то адплаціце яму тым-жа. Бывайце. Амаль два гады мы рабілі вас шчаслівымі. Не гневайцеся на нас.
Падпісана: Блашвель, Фамейль, Лісталье, Фелікс Таламіес.
Постскрыптум[1]. За абед заплачана.
- ↑ Постскрыптум — лацінскае слова, якое абазначае прыпіску ў пісьме пасля подпісу прозвішча.