мой! І калі я ўспомню, што ўсё гэта толькі выпадкова вытлумачылася! Мы вас павязем з сабой. Вы — частка нас саміх. Вы — і яе бацька і мой. Вы ні хвіліны больш не астанецеся ў гэтым жахлівым доме. Не думайце, што вы і заўтра тут будзеце.
— Заўтра, — сказаў Жан Вальжан, — мяне тут не будзе, але я не буду і ў вас...
— Што вы хочаце сказаць? — адказаў, Марыус. — Вандраваць мы вам больш не дазволім. Вы з намі больш не разлучыцеся. Вы нам належыце, і мы вас не пусцім.
— На гэты раз назаўсёды, — дадала, Казета. — Унізе нас чакае экіпаж. Я вас краду. Калі патрэбна, я ўжыву сілу, — і яна, смеючыся, паспрабавала падняць на рукі Жана Вальжана.
— Праўда, было-б чароўна жыць разам, — пачаў Жан Вальжан. — Я зноў пачаў-бы свае прагулкі з Казетай... Жыць разам з жывымі людзьмі, бачыцца з імі — гэта вялікае шчасце. Толькі... — ён перапыніў сябе і потым сказаў ціха: — Гэта вельмі шкада... — І ўсміхнуўся са слязмі на вачах. Казета ўзяла яго абедзве рукі ў свае.
— Божа мой! — ускрыкнула яна. — Вашы рукі зрабіліся яшчэ халаднейшыя. Хіба вы хворы? Вы пакутуеце?
— Я? Не, — адказаў Жан Вальжан. — Мне добра, толькі... — ён спыніўся.
— Што толькі?
— Я зараз памру.
Казета і Марыус уздрыгануліся.
— Памрэце? — ўскрыкнуў Марыус.
— Так, але гэта нічога, — адказаў Жан Вальжан.
Ён уздрыгануўся, усміхнуўся і сказаў:
— Казета, гавары яшчэ. Я хачу чуць твой голас.
Марыус, аслупянелы, глядзеў на старога. Казета пачала рыдаць.
— Бацька, бацька, — крычала яна. — Вы будзеце жыць! Я хачу, каб вы жылі, чуеце?
Жан Вальжан з абажаннем глядзеў на яе.
— О, так, — сказаў ён, — забарані мне паміраць. Хто ведае? Магчыма, я і паслухаюся цябе. Я гатовы быў памерці перад тым як вы ўвайшлі. Вы мяне спынілі. Мне здаецца, што я нарадзіўся зноў.
— Вы поўны жыцця і сілы! — ускрыкнуў Марыус. — Няўжо вы думаеце, што так паміраюць? У вас было гора, цяпер яно прайшло. Я прашу ў вас прабачэння, нават на каленях. Вы будзеце жыць, будзеце жыць з намі і жыць доўга. Мы вас возьмем да сябе. Мы абодва з гэтага часу не будзем мець другой мэты, апрача вашага шчасця.