— Вось, вазьмі. Гэта тыя, што даў раніцою сусед. Ідзі хутчэй!
Яна паспешліва пайшла. Жандрэт астаўся адзін. Ён сядзеў задумаўшыся. Люлька пагасла, чырвоны водбліск агню асвятляў яго ссунутыя бровы і пільна накіраваныя на агонь вочы. Мінутамі правая рука яго сціскалася, нібы ён адказваў на штосьці. Потым ён выцягнуў шуфляду стала, дастаў адтуль кухонны нож і паспрабаваў яго на пазногці. Потым паклаў нож на месца і засунуў шуфляду.
Марыус, з свайго боку, узвёў курок пісталета. Гэта зрабіла сухі кароткі гук. Жандрэт здрыгануўся і прыўзняўся на месцы.
— Хто там? — запытаў ён.
Марыус затаіў дыханне. Жандрэт прыслухаўся адзін момант і праказаў, смеючыся:
— Які я дурны, гэта трашчыць перагародка.
Марыус астаўся з пісталетам у руцэ.
Раптам воддаль пачуўся бой гадзінніка. Прабіла шэсць разоў. Жандрэт, мерна ківаючы галавою, палічыў удары. Потым устаў з крэсла і пачаў хадзіць па пакою.
— Абы толькі ён прыехаў! — мармытаў ён.
Раптам дзверы расчыніліся, і пані Жандрэт са страшнай, але, на яе думку, ветлівай, усмешкай праказала:
— Заходзьце, судар!
— Заходзьце, мой дабрадзей, — паўтарыў Жандрэт, кінуўшыся насустрач.
Увайшоў пан Леблан. Твар яго быў ясны і спакойны. Ён выняў і паклаў на стол чатыры залатыя манеты.
— Вось вашы грошы за кватэру, пан Фабанту, — сказаў ён.
— Няхай благаславіць вас за гэта бог, — адказваў Жандрэт. Пан Леблан сеў. Жандрэт змясціўся супроць яго. Марыус, увесь ахоплены хваляваннем і жахам, глядзеў з сваёй засады, сударгава сціскаючы рукаятку пісталета.
— Як жыве бедная раненая дзяўчынка? — запытаў Леблан.
— Дрэнна, — адказваў Жандрэт, — вельмі дрэнна, мой дарагі дабрадзей. Старэйшая сястра павяла яе ў больніцу. Яны хутка вернуцца, вы вось убачыце.
— А вашай жонцы, здаецца, лепш, — казаў далей Леблан, зірнуўшы на жанчыну, якая ў сваім дзіўным убранні змясцілася, нібы на варце, ля дзвярэй.
— Яна зусім пры смерці, — адказаў муж. — Але яна такая мужная, гэтая жанчына. Гэта сапраўдны бык.
— Ты надта добры, Жандрэт, — адказвала жонка, задаволеная гэтай пахвалой.