чакаў іх. Увечары ён адправіўся на Заходнюю вуліцу і ўбачыў, што вокны трэцяга паверха асветлены. Ён хадзіў пад вокнамі, пакуль агні не пагаслі.
На другі дзень у сад ніхто не з'явіўся. Марыус зноў прачакаў цэлы дзень у алеі і потым адправіўся пад вокны дома. Там ён прастаяў да дзесяці гадзін вечара.
Так прайшло восем дзён. Ні пан Леблан, ні яго дачка не з'яўляліся больш у Люксембургскім садзе.
На восьмы дзень увечары Марыус не ўбачыў больш святла ў вокнах трэцяга паверха.
„Дзіўна, — падумаў ён, — да гэтага часу не запалілі лямпы. — А, між тым, ужо цёмна. Няўжо іх няма дома?“
Ён чакаў да дзесяці, да паўночы, да гадзіны ночы; у вокнах было цёмна і ў дом ніхто не ўваходзіў.
Ён пайшоў дадому вельмі засмучаны.
На другі дзень зноў нікога ў садзе і цемень у вокнах.
Тады Марыус адважыўся пастукацца да дворніка.
— Жыхар трэцяга лаверха? — запытаў ён.
— Выехаў, — адказаў дворнік.
Марыус захістаўся і зноў запытаў слабым голасам:
— Калі?
— Учора.
— Дзе-ж ён цяпер жыве?
— Не ведаю. Ён не пакінуў адраса, — адказаў дворнік і паглядзеў на Марыуса.
— Э, ды гэта зноў вы! — ускрыкнуў ён, пазнаўшы яго. — Ды вы і сапраўды, відаць, шпіён.
XIX
ПАДОНКІ ГРАМАДСТВА
Марыус па-ранейшаму жыў у халупе Гарбо, але яшчэ у большай адзіноце, чым раней. У гэты час у доме, апрача яго і злашчаснай пары Жандрэтаў побач, ніхто больш не жыў. Але з суседзямі сваімі ён не быў знаёмы і наогул ні на кога з іх не звяртаў увагі.
Аднойчы раніцаю, гадзін каля васьмі, у дзверы да яго пастукаліся.
— Заходзьце, — адказваў Марыус, не падымаючы вачэй з сваіх папер.
— Выбачайце… — праказаў чыйсьці зусім незнаёмы голас. Гук яго быў глухі і разбіты, як у чалавека, ахрыплага ад гарэлкі.
Марыус жвава абярнуўся і ўбачыў у дзвярах маладую дзяўчыну. Святло з акна падала проста на яе і асвятляла