ўсім ўласнымі вачыма. Магчыма, гэтага Шанмат‘е і не варта выратоўваць. Тады сумленне яго супакоіцца, і яму ніколькі не будзе шкада, калі другога адправяць на катаргу замест яго. І хоць на судзе будзе і Жавер, і Брэве, І Шэнільд‘е, і Кашпайль, старыя катаржнікі, якія ведалі яго тады, яны ўсёроўна не пазнаюць яго цяпер. А Жавер быў у гэтую хвіліну такі далёкі ад думак пра гэта! Небяспекі, такім чынам, не прадбачыцца ніякай.
Вядома, ён перажываў страшныя гадзіны, але гэта мінае бясследна. Да таго-ж, ён трымае свой лёс у сваіх уласных руках. Ён упарта чапляўся за гэтую думку. У глыбіні душы ён аддаў-бы перавагу таму, каб зусім не ехаць у Арас. Тым не менш ён спяшаўся туды. І ён бессвядома падганяў свайго каня, які і так бег шпаркай рыссю.
На світанні ён быў у чыстым полі. Горад М. астаўся далёка ззаду. Ён зірнуў на бялеўшы далягляд і нічога не бачыў перад сабой, апрача халоднага зімняга золаку, які толькі што заняўся.
Раніца як і вечар, мае свае здані. Чарнеўшыя здалёк сілуэты дрэў і ўзгоркаў дадавалі яшчэ штосьці ракавое: і панурае да мяцежнага стану яго душы. Калі ён прыбыў у Гедэн, ужо пачаўся дзень. Ён даў каню адпачыць і пакарміў яго. Сам-жа не слязаў з цільбюры. Конюх, які прынёс авёс, раптам нахіліўся і паглядзеў на левае кола.
— А ці далёка вы едзеце? — затытаў ён.
— А што? — адказаў Мадлен, заняты сваімі думкамі.
— А тое, што вось гэтае кола не вытрымае больш і чвэрці мілі. Дзіўлюся, як яно да гэтага часу яшчэ не звалілася. Паглядзіце вось сюды.
Мадлен спехам злез з цільбюры і ўбачыў, што кола сапраўды вельмі пашкоджана. Штуршок мальпоста пераламаў некалькі спіц і ступіцу, з якой саскочыла гайка.
— Ці няма дзе блізка майстра, які-б мог наладзіць усё гэта? — запытаў Мадлен.
— Зараз паклічу, — адказаў конюх.
Праз хвіліну з'явіўся майстар. Агледзеўшы паломку, ён заявіў, што наладзіць можна, але раней наступнай раніцы ехаць далей будзе нельга.
— Гэта немагчыма, — сказаў Мадлен. — У такім выпадку ці не магу я знайсці тут другі экіпаж?
— Паблізу ні ў кога няма. Куды вы едзеце?
— У Арас.
— Дык хіба вам нельга ехаць туды на паштовых? Вы будзеце там у чатыры гадзіны раніцы.
— Не, я павінен быць там к вечару, самае позняе.
Карэтнік пакруціў галавою. Мадлен-жа адчуў прыліў