— Правільна, — крыкнуў Алесь, — хай давядзе, што ён парваў з гандлярамі бацькамі, а то словы, брат!..
У салі зашумелі. Зноў выступіў сакратар ячэйкі.
Ён зьвярнуўся перш усяго да Алеся.
— Я ня ведаю, чаго Алесь хоча ад таварыша?..
— Я скажу, чаго я хочу, — адказаў Алесь.
— ... Мы маем справу з таварышом, — гаварыў сакратар, — які парваў, я падкрэсьліваю, які іменна парваў з бацькамі гандлярамі. Нельга-ж вініць таварыша за тое, што ён радзіўся ад гандляра...
— Дык я-ж не за гэта яго віню, — адказаў Алесь. — Але ў нас бывае так, што прымаем ня ведаючы, а потым...
— Дык таварыша-ж ведаюць, каб-жа ніхто ня ведаў, а то-ж... Трэба-ж слухаць, што гаварыў Піпікаў, член партыі...
— Я чуў, але мяне Піпікаў не пераканаў.
— Ну, дык скажы, чаго ты хочаш і ён, няхай скажа. Я прапаную, каб Алесь і Мікіта сказалі сходу, чаго яны хочуць...
— Ды йдзі ты, я сказаў чаго я хочу і ўсё...
У салі зарагаталі.
— Калі так, дык я галасую. Хто за тое, каб пастанову бюро ячэйкі зацьвердзіць?.. Лічыце... Хто супроць... устрымаўся?...
У салі было ціха. Падлічвалі галасы.
— Дваццаць два за і дзевятнаццаць супроць. Прымаецца...