Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

але з моцным рускім акцэнтам: у яе час аб эмігрантах не было яшчэ і паміну. Адным словам, пры ўсіх яе добрых якасцях, яна ўсё-такі была вялікім дзікуном — і, бадай, у прастаце сэрца свайго, уласнымі рукамі не раз карала якую-небудзь злашчасную пакаёўку…

За некалькі часу да прыезду Васіля Іванавіча, Ольгу Іванаўну змовілі за суседа — Паўла Апанасавіча Рагачова, дабрэйшага і сумленнейшага чалавека. Прырода забылася надзяліць яго злосцю. Уласныя людзі не слухалі яго, уходзілі часамі ўсе, ад першага да апошняга, і пакідалі небараку Рагачова без абеду… але нішто не магло абурыць цішыню яго душы. Ён з дзіцячых год вызначаўся тоўстасцю і непаваротлівасцю, нідзе не служыў, любіў хадзіць у царкву і спяваць на клірасе. Паглядзіце, панове, на гэты добры, круглы твар; прыгледзьцеся да гэтай ціхай, светлай усмешкі… ці не праўда, вам самім становіцца радасна? Бацька яго ў нейкія вякі ездзіў у Лучынаўку і ў святы прывозіў з сабою Паўліка, якога маленькія Лучынавы ўсяляк мучылі. Паўлік вырас, пачаў сам ездзіць да Івана Андрэевіча, закахаўся ў Ольгу Іванаўну і прапанаваў ёй руку і сэрца  — не асабіста ёй, а яе дабрадзейцы. Дабрадзеі згадзіліся. У Ольгі Іванаўны нават і не падумалі запытацца: ці падабаецца ёй Рагачоў? У той час, па словах бабулі — «такіх раскошаў не было». Між іншым, Ольга хутка прывыкла да свайго жаніха: нельга было не прывязацца да гэтага ціхамірнага, ласкавага стварэння. Выхавання Рагачоў не атрымаў ніякага; па-французску ўмеў толькі сказаць: «бон-жур» — і пра сябе лічыў нават гэта слова непрыстойным. Ды яшчэ нейкі жартаўнік навучыў яго наступнай, быццам-бы французскай песні: «Сонечка, Сонечка! Ке-вуле-ву-дэ-муа — я вас абажаю — ме-жэ-не-пё-па»… Гэту песеньку ён заўсёды напяваў упоўголаса, калі ў яго быў добры настрой. Бацька яго быў таксама чалавек дабраты неапісальнай; вечна хадзіў у доўгім нанкавым сурдуце і, што-б яму ні гаварылі, — на ўсё з усмешкай падтакваў. З часу змовін Паўла Апанасавіча, абодва Рагачовы — бацька і сын — страшэнна клапаціліся; перараблялі свой дом, прыбудоўвалі розныя «галдарэі», прыязна размаўлялі з работнікамі, частавалі іх гарэлкай. Да зімы не паспелі скончыць усе пабудовы — адклалі вяселле да лета; летам памёр Іван Андрэевіч — адклалі вяселле да наступнай вясны; зімой прыехаў Васіль Іванавіч. Яго пазнаёмілі з Рагачовым; ён прыняў яго холадна і неахайна, і з цягам часу да таго запалохаў яго сваім ганарлівым абыходжаннем, што небарака Рагачоў дрыжэў як