Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і ўвесь быў напагатове; фантазія гуляла і насілася хутка вакол адных і тых-жа ўяўленняў — як досвіткам стрыжы вакол званіцы; я задумваўся, сумаваў і нават плакаў; але і скрозь слёзы, і скрозь сум, навеяны то пявучым вершам, то прыгожасцю вечара, прасочвалася, як вясенняя траўка, радаснае пачуццё маладога закіпаючага жыцця.

У мяне быў верхавы конік. Я сам яго сядлаў і ехаў адзін куды-небудзь далей, пускаўся наўскач і ўяўляў сябе рыцарам на турніры (як весела дзьмуў мне ў вушы вецер!) або, павярнуўшы твар да неба, прымаў яго ззяючае святло і блакіт у раскрытую душу.

Памятаецца, у той час вобраз жанчыны, здань жаночага кахання амаль ніколі не ўзнікала выразнымі абрысамі ў памяці маёй: але ва ўсім, што я думаў, ва ўсім, што я адчуваў, захоўвалася поўзразуметае сарамлівае прадчуванне чагосьці новага, невыказна-салодкага — жаночага.

Гэта прадчуванне, гэта чаканне пранікла ўсяго мяне; я дыхаў ім, яно кацілася па маіх жылах у кожнай кроплі крыві… яму было суджана хутка збыцца.

Дача наша складалася з драўлянага панскага дома з калонамі і двух нізенькіх флігельчыкаў; у флігелі налева змяшчалася маленькая фабрыка танных шпалераў; я не раз хадзіў туды глядзець, як дзесятак худых і ўскудлачаных хлапчукоў у зашмальцаваных халатах і са змучанымі тварамі раз-по-раз ускоквалі на драўляныя вагары, якія націскалі чатырохкутныя абрубкі прэса, і такім чынам, цяжарам сваіх недалужных цел, выціскалі стракатыя ўзоры шпалераў. Флігель направа стаяў пусты і здаваўся ў наймы. — У адзін дзень — праз тыдні тры пасля 9-га мая — акяніцы гэтага флігельчыка адчыніліся — паказаліся ў вокнах жаночыя твары; — нейкая сям’я ў ім пасялілася. Памятаецца, у той-жа дзень у часе абеду матуля запыталася ў дварэцкага аб тым, хто былі нашы новыя суседзі і, пачуўшы прозвішча княгіні Засекінай, перш прагаварыла не без некаторай пашаны: — А, княгіня!.. — а пасля дадала: — Напэўна, бедная якая-небудзь.

— На трох фурманках прыехалі-с, — заўважыў, пачціва падаючы страву, дварэцкі: — свайго экіпажа не маюць — і мэбля самая пустая.

— Так, — сказала матуля: — а ўсё-такі лепш.

Бацька холадна зірнуў на яе: яна замоўкла.

Сапраўды, княгіня Засекіна не магла быць багатай жанчынай: заняты ёю флігельчык быў такі старэнькі і малы, і нізкі, што людзі, хоць крыху заможныя, не згадзіліся-б пася-