Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я падышоў да яе…

— Выехалі! — сказала яна, перш чым я паспеў запытацца: ці дома Гагін?

— Выехалі?.. — паўтарыў я… — Як выехалі? Куды?

— Выехалі сёння раніцой, у шэсць гадзін, і не сказалі куды. Пачакайце, ды вы-ж здаецца, пан Н.?

— Я пан Н.

Вам ёсць пісьмо ў гаспадыні. — Служанка пайшла наверх і вярнулася з пісьмом. — Вось, калі ласка.

— Ды не можа быць… Як-жа гэта так?.. — пачаў было я. Служанка тупа паглядзела на мяне і пачала месці.

Я разгарнуў пісьмо. Да мяне пісаў Гагін; ад Асі не было ніводнага радка. Ён пачаў з таго, што прасіў не злавацца на яго за раптоўны ад’езд; ён быў упэўнен, што, па разважліваму меркаванню, я ўхвалю яго рашэнне. Ён не знаходзіў іншага выхаду са становішча, якое магло зрабіцца цяжкім і небяспечным. — «Учора вечарам, — пісаў ён: — пакуль мы абодва моўчкі чакалі Асю, я пераканаўся канчаткова ў неабходнасці разлукі. Ёсць забабоны, якія я паважаю; я разумею, што вам нельга жаніцца на Асі. Яна мне ўсё сказала; для яе спакою я павінен быў уступіць яе паўторным, узмоцненым просьбам». — У канцы пісьма ён выказваў шкадаванне аб тым, што наша знаёмства так хутка спынілася, жадаў мне шчасця, па-сяброўску паціскаў мне руку і ўпрашаў мяне не старацца іх шукаць.

«Якія забабоны? — закрычаў я, як быццам ён мог мяне чуць: — што за глупства! Хто даў права ўкрасці яе ў мяне»… Я схапіў сябе за галаву…

Служанка пачала моцна клікаць гаспадыню: яе спалох прымусіў мяне апамятацца. Адна думка ў мне загарэлася: знайсці іх, знайсці, чаго-б гэта ні каштавала. Прыняць гэты ўдар, прымірыцца з такой развязкай было немагчыма. Я даведаўся ад гаспадыні, што яны ў шэсць гадзін раніцы селі на параход і паплылі ўніз па Рэйну. Я пайшоў у кантору: там мне сказалі, што яны ўзялі білеты да Кёльна. Я пайшоў дадому з тым, каб адразу-ж спакавацца і паехаць услед за імі. Мне давялося ісці міма дома Фрау Луізе… Раптам я чую: мяне хтосьці кліча. Я падняў галаву і ўбачыў у акне таго самага пакоя, дзе я напярэдадні бачыўся з Асяй, удаву бургомістра. Яна ўсміхалася сваёй праціўнай усмешкай і клікала мяне. Я адвярнуўся і прайшоў было міма; але яна мне крыкнула ўслед, што ў яе ёсць штосьці для мяне. Гэтыя словы мяне