Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я не звала брата, — пачуўся спалоханы шэпт Асі: — ён сам прышоў.

— Паглядзіце, што вы нарабілі, прадаўжаў я: — Цяпер вы хочаце выехаць…

— Так, я павінна выехаць, — таксама ціха прагаварыла яна: — я і папрасіла вас сюды толькі дзеля таго, каб развітацца з вамі.

— І вы думаеце, — сказаў я: — мне будзе лёгка з вамі расстацца?

— Але навошта-ж вы сказалі брату? — са здзіўленнем паўтарыла Ася.

— Я вам кажу — інакш я не мог. Калі-б вы самі не выдалі сябе.

— Я замкнулася ў сваім пакоі, — запярэчыла яна простадушна: — я не ведала, што ў маёй гаспадыні быў другі ключ…

Гэта нявінная просьба прабачэння ў яе вуснах у такую хвіліну — мяне тады ледзь не раззлавала… а цяпер я без расчулення не магу аб ёй успомніць. Беднае, сумленнае, шчырае дзіця!

— І вось, цяпер усё скончана! — пачаў я зноў: — усё. Цяпер нам трэба расстацца. — Я ўпотайкі зірнуў на Асю… твар яе хутка чырванеў. Ёй, я гэта адчуваў, і сорамна рабілася, і страшна. Я сам хадзіў і гаварыў як у ліхарадцы. — Вы не далі развіцца пачуццю, якое пачынала спець, вы самі разарвалі нашу сувязь, вы не мелі да мяне давер’я, вы ўсумніліся ў маёй шчырасці…

Пакуль я гаварыў, Ася усё больш і больш нахілялася наперад — і раптам пала на калені, схіліла галаву на рукі і заплакала. Я падбег да яе, спрабаваў падняць яе, але яна мне не давалася. Я не пераношу жаночых слёз: убачыўшы іх, я адразу-ж бянтэжуся.

— Анна Нікалаеўна, Ася, — цвярдзіў я: — будзьце ласкавы, упрашаю вас, перастаньце… — Я зноў узяў яе за руку…

Але, на вялікае маё здзіўленне, яна раптам усхапілася, з быстрынёй маланкі кінулася да дзвярэй і знікла…

Калі праз некалькі хвілін пасля гэтага ў пакой увайшла фрау Луізе — я ўсё яшчэ стаяў на самай сярэдзіне яго, нібы громам прыбіты. Я не разумеў, як магло гэта спатканне так хутка, так недарэчна скончыцца — скончыцца, калі я і сотай долі не сказаў таго, што хацеў, што павінен быў сказаць, калі я яшчэ сам не ведаў, чым яно магло скончыцца.