Перайсці да зместу

Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

здаўся нарэшце. Я плакаў, расстаючыся з бацькам; я любіў яго, хоць ніколі не бачыў усмешкі на твары яго… але, трапіўшы ў Пецербург, хутка забыўся пра наша цёмнае і невясёлае гняздо. Я паступіў у юнкерскую школу, а са школы перайшоў у гвардзейскі полк. Кожны год прыязджаў я ў вёску на некалькі тыдняў і з кожным годам заставаў бацьку свайго ўсё больш сумным, у сябе паглыблёным, задуменным да палахлівасці. Ён кожны дзень хадзіў у царкву і амаль развучыўся гаварыць. У адно з маіх наведванняў (мне ўжо было гадоў дваццаць), я першы раз убачыў у нас у доме худзенькую чарнавокую дзяўчыну гадоў дзесяці — Асю. Бацька сказаў, што яна сірата, і ўзята ім на пракармленне — ён іменна так і сказаў. Я не звярнуў асаблівай увагі на яе; яна была дзікая, жвавая і маўклівая, як звярок, і як толькі я заходзіў у любімы пакой свайго бацькі, вялізны і змрочны пакой дзе сканала мая маці і дзе нават удзень запальваліся свечкі, яна адразу-ж хавалася за вальтэраўскае крэсла яго або за шафу з кнігамі. Здарылася так, што ў наступныя за тым тры, чатыры гады абавязкі службы перашкодзілі мне пабываць у вёсцы. Я атрымліваў ад бацькі кожны месяц па кароткаму пісьму; аб Асі ён успамінаў рэдка і то мімаходзь. Яму было ўжо больш пяцідзесяці год, але ён здаваўся яшчэ маладым чалавекам. Уявіце-ж мой жах: раптам я, нічога не падазраючы, атрымліваю ад прыказчыка пісьмо, у якім ён паведамляе мне аб смяртэльнай хваробе майго бацькі і ўпрашае прыехаць як мага хутчэй, калі толькі хачу развітацца з ім. Я паімчаўся, на злом галавы, і застаў бацьку жывым, але пры смерці. Ён вельмі ўзрадаваўся мне, абняў мяне сваімі высахшымі рукамі, доўга паглядзеў мне ў вочы нейкім ні то выпрабоўваючым, ні то ўпрашаючым позіркам, і, узяўшы з мяне слова, што я выканаю яго апошнюю просьбу, загадаў свайму старому камердынеру прывесці Асю. Стары прывёў яе: яна ледзь трымалася на нагах і дрыжэла ўсім целам.

— Вось, — сказаў мне з намаганнем бацька: — завяшчаю табе маю дачку, тваю сястру. Ты аб усім даведаешся ад Якава, — дадаў ён, паказаўшы на камердынера.

Ася заплакала і кінулася тварам на ложак… Праз поўгадзіны мой бацька сканаў.

Вось што я даведаўся. Ася была дачка майго бацькі і былой пакаёўкі маёй маці, Тацяны. Вельмі добра памятаю я гэту Тацяну, памятаю яе высокую, стройную фігуру, яе прыемны, строгі, разумны твар, з вялікімі, цёмнымі вачыма.