Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шыю і з сударгавым плачам пачала цалаваць яго і прыціскацца да яго грудзей.

— Досыць, досыць, — цвярдзіў ён, злёгку праводзячы рукою па яе валасах.

Некалькі імгненняў застаўся я нерухомым… Раптам я схамянуўся. — Падыйсці да іх?.. Ні за што! — прамільгнула ў маёй галаве. Шпаркімі крокамі вярнуўся я да агароды; пераскочыў цераз яе на дарогу і ледзве не бягом пусціўся дадому. Я ўсміхаўся, паціраў рукі, здзіўляўся выпадку, які нечакана пацвердзіў мае здагадкі (я ні на момант не ўсумніўся ў іх правільнасці), а між тым, на сэрцы ў мяне было вельмі горка. Аднак, думаў я, умеюць-жа яны прытварацца! Але дзеля чаго? Што за ахвота мяне марочыць? Не чакаў ад яго я гэтага… І што за чуллівае прызнанне?

VII

Я спаў дрэнна, і назаўтра ўстаў рана, прывязаў паходную кайстру за спіну і, сказаўшы сваёй гаспадыні аб тым, каб яна не чакала мяне к ночы, адправіўся пехатою ў горы, уверх па цячэнню ракі, на якой ляжыць гарадок З. Гэтыя горы, адросткі хрыбта, называемага Сабачай спіной Hundsrück, вельмі цікавыя ў геалагічных адносінах; асабліва выдатныя яны правільнасцю і чыстатой базальтавых слаёў; але мне было не да геалагічных назіранняў. Я проста не разумеў, што ва мне адбывалася; адно пачуццё было для мяне ясна: нежаданне бачыцца з Гагінымі. Я запэўняў сябе, што адзінай прычынай маёй раптоўнай непрыязні да іх была злосць на іх хітрасць. Хто іх прымушаў выдаваць сябе за сваякоў? Між іншым, я стараўся аб іх не думаць; блукаў, не спяшаючыся, па горах і далінах, заседжваўся ў вясковых харчэўнях, мірна гутарачы з гаспадарамі і гасцямі, або клаўся на плоскі, нагрэты камень і глядзеў, як плылі воблакі, добра, надвор’е было цудоўнае. У такіх занятках я правёў тры дні, і не без задавалення, — хоць сэрца ў мяне і шчымела часамі. Настрой маіх думак адпавядаў якраз спакойнай прыродзе таго краю.

Я аддаў сябе ўсяго ціхай гульні выпадковасці, набягаўшым уражанням: спакойна змяняючыся, працякалі яны па душы і пакінулі ў ёй, нарэшце, адно агульнае пачуццё, у якім злілося ўсё, што я бачыў, адчуў, пачуў за гэтыя тры дні — усё: тонкі пах смалы ў лясах, крык і стук дзятлоў, несціханае журчанне светлых ручаін са стракатымі фарэлямі