Старонка:Ветразі (1929).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі у нас жывы агонь ідэй
І захапленьне творчае пануе,
Калі мы кожны,
Кожны дзень,
Расьцем, гарым і новае будуем, —

Дык там,
Вось там, пад гэнаю зарой
Вандруе сьмерць у дзікім заміраньні,
Халодны кольт на вуліцы пустой
Аледзянеў, як войстрае пытаньне.

Там дзікі гнеў прыдушана маўчыць
Жывы парыў там у скляпеньні гіне,
Там лепшы творца ганьбай ня лічыў
Удасканаліць штых і гільятыну.

Там бог і чорт за чаркаю віна
За грэшны труп расцалавацца рады,
Там заўсягды нікчэмная мана
Кумой даводзіцца асьвістанае праўды:

Любоў злачынству хіліцца чалом,
Як лебяда ў нахмураную восень…
Адно каханьне чыстае было,
І то за грошы, мабыць, прадалося.

Але там прыйдзе воін да байніц
Ускалыхнуць нямыя небасхілы,
І той аўтар з турмою раскуміць,
Дзе цень маны з каханьнем ажанілі.