Старонка:Ветразі (1929).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Развага гэтаму пярэчыць,
А дзе тут праўда, дзе памылка?
Ну, памажэце-ж разабрацца!
Ці варта лірніку пілікаць?
Ці варта лірыкай займацца?
Я доўга думаю над гэтым
І сам да вынікаў прыходжу,
Што сьвет ня створан без поэтаў
Як і ня створан бяз прыгоды.
А песьні трэба нам другія,
Ад нас інакшых песень просяць…
Мае гітары ледзяныя
Вартуе бусел у балоце.
Да іх я болей не вярнуся, —
Ня можа сын сваёй эпохі
Пад небам вольнай Беларусі
Ісьці у далі сьцежкай вохкай,
Калі ад кожнага упарта
Эпоха сёньня патрабуе:
Не пакідаць грамадзкай варты,
Не пакідаць сваёй трыбуны.
Дык ад поэты наша эра
У сто раз болей вымагае, —
Ён мусіць сонечнаю лерай
Узварухнуць ляжачы камень.
Ён мусіць песьню даць такую,
Каб лес і горы захадзілі, —
Узварушыць зямную кулю
Ад нашых ніў да Аргентыны.