Старонка:Ветразі (1929).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яе хада — палёт комэты
Па сінім мошасьце зарніц, —
Як сэрца гордае поэты
Яе няможна падкупіць…
...........
А я стаю на чорнай купе
З пагардай стомленых павек…
— Хоць ты, як шчырасьць, не падкупна,
А ўсё-ж я цар, —
Я чалавек.

Ні я, —
Дык нашчадкі згадаюць
Як пакарыць ліхі уздым.
Цябе, як мошку, закілзаюць
Магутным розумам сваім.

Цябе,
Вялікая стыхія,
Прымусім розуму служыць…
Ты
Будзеш „мускул індустрыі“, —
А я твой гром
І дынаміт…

Для нас не замкнуты прасторы, —
Мы выдзем з Марсам гаварыць…
У песьню праўды ператворым
Твой недасяжна-горды рытм.