А ненаедная, прагавітая крыўда векавечна гнала ворагаў жывадзёраў, а вораг…
— Ох!.. Але чаго я замаўчаў?! Гэта толькі казка. толькі казка.
І вось моладзь адважная, юнакі-асілкі, старцы-думаньнікі ўсталі як адзін, песьняй спаяліся ў загартаваную, адналітую, адва жную моц, узьнялі свае белыя, чыстыя, як сумленьне малалетак, вопраткі з чырвонымі ад нявіннай крыві пасамі-шляхамі, узьнялі ўвыш на павеў ветру, на паказ сонцу, на пагібель ліхадзеям.
І так пад сьцягамі пашлі…
Схамянуліся, захацелі, змаглі!
Вораг кінуўся на ўцёк-бег. Дык барджэй на коні гарачых, быстрых, як птахі, і хутчэй у пагоню, паслаць пагоню!
Ускочылі на сёдлы і памчалі стралой. Пагоня дагоне, даканае і адаб’е ім ахвоту памыкацца, пакарае па заслугах і верніцца са славай і здабычай…
— О, супакойся, ня радуўся, сэрца, грымі прароча голас, бо гэта толькі казка, толькі казка…
І вось асталіся жыхары без сваіх абаронцаў-збаўцоў.
А бяда, ня ў лесе жыцьцё маё, а між людзьмі гадуецца, сябруе.