Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Люба. Калі вы, дзядзенька, заўсёды гэтакі заняты, ўсё нешта пішаце ды пішаце, а мне сумна сядзець увесь час у хаце, вось я, каб вам не перашкаджаць, узяла ды пайшла адна.

Пупкін. А, Любачка, я рабіў вельмі важную работу, але ўжо, дзякуй Богу, кончыў. Я пісаў сваю біяграфію, яна будзе друкавацца ў газэтах, гэта патрэбна дзеля папулярнасьці, бо я, дзетанька, выставіў сваю кандыдатуру...

Люба. Што, дзядзенька, выставіў?

Пупкін. Кандыдатуру. Гэта так называецца... I я ў скорым часе буду міністрам.

Люба (зьдзіўленая). Міністрам?!

Пупкін. Ну, чаго-ж дзівуешся, цыпачка? Але! беларускім міністрам. Гэта лёгка... А я маю галаву, я маю міністраву галаву!

Люба. А я ніколі ня думала, што вы, дзядзенька, гэтакі... важны. Як вы першы раз прыехалі да нас на вёску і зайшлі да мае цёткі, дык я падумала, выбачайце, што гэта прыехаў сьвінабой, бо ў нас казалі, што прыедзе падрадчык сьвіньні купляць.

Пупкін. Ну, я магу і гэта... Але цяпер я буду міністар. міністар фінансаў.

Люба. Ах, Божа мой! Гэта мусіць страшэнна трудна?

Пупкін. Не, нічога... я патраплю. Твой дзядзенька, Любачка, не такія штукі ўжо рабіў!

Любачка. Дзядзенька! А вось я вас яшчэ адно хацела спытацца: як я зьбіралася з вамі ехаць, цёця казала мне, што вы наш сваяк. Ці вы блізкая наша радня? бо я гэтага ня ведаю.