Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьява 9

ЛЮБА (адна).

Люба (моўчкі прыглядалася да гэтай сцэны з блюзачкай у руцэ). Аднак бедны ён!.. Але мне трэба ўжо зьбірацца... Ен мае сваю Марту, яна застанецца пры ім, а я маю свайго Міколу — і шчасьце там мяне чакае... Трэба толькі напісаць Філімону пісьмо, бо гэтак, бяз ніводнага слова, пакідаць яго дом нязручна, ён-жа мне нічога благога не зрабіў. (Сядае пры стале і піша): „Дарагі дзядзя! Хаця Вы й ня дзядзя, але я ўжо так прывыкла. Бывайце здаровы і ня гневайцеся. Я сягоньня пакідаю ваш дом. Люба“. (Пакідае пісьмо на стале, бяжыць на балькон і кліча): Міколка! чэмаданчык узяў?... Узяў?... Ну, добра, я зараз ужо йду, толькі апрануся. (Бяжыць у свой пакой, узяўшы з сабой сваю блюзачку).

Зьява 10

МАРТА, пасьля ЛЮБА.

Марта (ўваходзіць). Ну, палажыла яго, як дзіця, здаецца, што ўжо засьне... Ах, бяда мне была з ім здаровым, а яшчэ горшая з хворым.

Люба (ўваходзіць, апрануўшыся ў капялюш і пальто). Ну, бывай здарова, Марта! Дзякую табе за ўсё, за ўсё! (цалуюцца).