Старонка:Альгерд Бульба.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Прыйдзе к нам ізноў весна;
Ціха з неба сонцэ гляне,
Ачуняе старана!

А ў гэтай мысьлі у паэта смутку ёсьць ня шумны патос, але цьвёрды і логічны вывод, бо:

«я мужычы сынок»,
«я балоты сушу»,
«рыю землю, як крот»,
«ссек я лес і кусты
і дарогу правёў».

і вось мае сілу народ, ён здольны да працы і, калі пойдзе да школы:

«Стане чалавекам,
Будзеш ты чытаць нам,
Цёмным неумекам»,

як ужо стары бацька каже, толькі ты «Не дурэй, вучыся!» Ён, бацька, хочэ ад сына пазнаць: «Што мы ў сьвеце значым?»

Колас, апеваючы смутак палей, ці маркоцячыся з за астрожных сьцен, ані на момэнт не адрываецца ад роднаго краю, ад свайго народу; ён не сам церпіць за сябе, ён церпіць за мільённы народ, і гэта цярпеньне родзіць у ім веру: мучыцца, у такой беднасьці жыве не адзін чалавек, а мільёны, і іх цярпеньне ўжо не слабы шэпт, а голасны стогн, каторы павінен дайсьці нават да тых, хто шчыльна затыкае вушы; гэтае цярпеньне народа станецца зданьнем, марай, ад каторай яны толькі тады здалеюць адвязацца, калі пойдуць на сустрэчу жаданьням народа.

«Песьні жальбы» Коласа я бы назваў жывой фотографіей з беларускаго жыцьця. І пойдуць яны туды, адкуль выйшлі: пад беларускіе стрэхі, ў мазалістые рукі.

У некаторых вершах Коласа спатыкаем вялікі ўплыў расейскіх паэтоў: Лермонтова, Некрасова, і, калі ён стараецца патураць ім, тады верш яго траціць на сіле і колерах, стаецца наіўным, як гэта бачым у вершы «Песьня над калыскай»; але гэтых вершоў не багата, і с твороў яго відаць, што самабытная беларуская нота паэту лепш удаецца і што Колас нам дасьць больш родных абразоў.―«За работу, жыва, жыва! Каб нас доля не кідала, каб ня сохла наша ніва!» - клічэ поэт, бо толькі тады скрозь выполецца поле і буйны колас украсіць нашы нівы.

Бульба.