з правае вукі, і па берагох рэчкі зазелянелі розныя кусты і дрэвы. Зьдзьмухнуў ён пяро з левае рукі, і ў кустох і дрэвах заварушыліся тысячы розных птушак, якія сьпявалі такімі прыгожымі галасамі, якіх ён датуль і ня чуў.
Трэба ўявіць сабе, як зьдзівіўся прынц Кональ, калі ён прачнуўся раніцай і выйшаў пагуляць. Зараз-жа пабег ён падзякаваць Шэмусу і Нэнсі. Толькі Нэнсі, як даведалася аб усім, дык ажно зьзелянела ад злосьці.
У гэты дзень яна ізноў доўга гутарыла з Роры, а ад яго пайшла да прынца Коналя і спыталася, ці яму падабаюцца новы палац і ягоныя ваколіцы.
Прынц адказаў, што ён зусім задаволены і шчасьлівы, што ўсёй душой ён удзячны ёй і яе мужу Шэмусу і ніколі не забудзе іхняе паслугі.
— Ну, як-жа можна гэтым задаволіцца? — сказала Нэнсі. — Увечары ў цябе будзе баль, зьбяруцца князі, лёрды і важныя паны, а ў цябе няма чым павесяліць іх. Ты павінен здабыць сабе плэшэм.
— А што гэта такое плэшэм? — запытаўся прынц Кональ.
— А, гэта самая дзіўная і забаўная рэч у сьвеце! І ты і ўсе госьці твае будзеце дзевяць дзён і дзевяць ночаў у найлепшым гумары, калі пагледзіце на плэшэм.
— Калі так, — сказаў прынц Кональ, — дык гэта-ж узапраўду дзіўная рэч, і мне страшэнна хочацца мець яе. Але скажы, дзе і як яе дастаць?
— Вельмі лёгка, — сказала Нэнсі. — Пад пагрозай сьмерці загадай Шэмусу сяньня-ж к вечару дастаць табе плэшэм, і ён напэўна яго здабудзе.
— Добра, — сказаў прынц Кональ, — дык плэшэм скора ў мяне будзе.
Нэнсі вясёлая пайшла дамоў, спадзяючыся, што ўжо цяпер Шэмус ня выкруціцца ад сьмерці, бо ведала, што на ўсім божым сьвеце ня было такой рэчы, як плэшэм. Хоць Шэмус і змог збудаваць замак, стварыць мора, рэчку, дрэвы і птушак у адну ноч, але-ж ён ня зможа знайсьці рэч, якой на сьвеце няма і якую толькі выдумаў Роры.