Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Соцыяльныя фактары хірургічнай сьмяротнасьці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Значэньне констытуцыі Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Соцыяльныя фактары хірургічнай сьмяротнасьці
Аўтар: Савелій Рубашоў
ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Д. СОЦЫЯЛЬНЫЯ ФАКТАРЫ

Калі мы недастаткова моцныя часам для змаганьня з момантамі біолёгічнага характару і калі прырода не так-та лёгка раскрывае нам свае таямніцы для пасьпяховага змаганьня з хваробамі, дык ёсьць галіна, у якой нашы спробы змаганьня са сьмяротнасьцю могуць даць значныя вынікі, і якая падлягае ў значнай ступені нашаму ўзьдзеяньню: гэта галіна соцыяльных фактараў хірургічнай сьмяротнасьці.

У папярэдніх разьдзелах, у шмат якіх мясцох, я адзначыў тыя соцыяльныя моманты, якія маюць уплыў на хірургічную сьмяротнасьць. Зноў спыняцца падрабязна на тых-жа самых пытаньнях — значыла-б толькі паўтарацца, і таму я абмяжуюся толькі кароткім рэзюмэ раськіданых у розных месцах заўваг.

Сьмяротнасьць, перш за ўсё залежыць ад захворвальнасьці, а захворвальнасьць у вельмі вялікай меры залежыць ад фактараў соцыяльнага парадку. Няма патрэбы іх пералічыць: прафэсія, жыльлёвыя ўмовы, экономічная забясьпечанасьць — усё гэта стварае глебу для тэй ці іншай захворвальнасьці і сьмяротнасьці. Мы гэта добра бачылі ў разьдзеле пра пашкоджаньні. Дастаткова паглядзець на самы звычайны проспэкт страхаваных арганізацый, для таго, каб пераканацца ў тым, які вялікі ўплыў мае профэсія на сьмяотнасьць ад пашкоджаньняў. У шмат якіх запальных процэсах — іменна ў іх цяжкасьці і сьмяротным

выніку — мы таксама бачым пераважны ўплыў соцыяльнага фактару: цяжкая анаэробная інфэкцыя ёсьць сумны лёс пераважна людзей земляробнай працы і т. д. Разьвіцьцё ракавых пухлін у шмат якіх выпадках мае бязумоўна сувязь з вытворчасьцю; у другіх выпадках гэта сувязь ня можа быць даведзена з матэматычнай дакладнасьцю, але клінічныя назіраньні робяць яе ў дастатковай меры верагоднай. Нашы сучасныя ўяўленьні пра ўплыў раздражэньня, як істочнага кампонэнта ў этнолёгіі ракавай хваробы, з лёгічнай няўхільнасьцю вызначаюць залежнасьць раку ад зьнешніх умоў існаваньня індывіда. Група расстройстваў жыўленьня дае таксама для гэтага шмат прыкладаў: грыжы, і асабліва іх зашчэмленаьць, многія формы непраходнасьці кішочніка, язва страўніка і шмат іншых хваробных форм. Прыглядаючыся да клінікі ўсіх пералічаных хірургічных захворваньняў, мы адзначаем, ня толькі тое, што соцыяльныя фактары абумоўліваюць самую захворвальнасьць, а і тое, што існуе бязумоўны паралелізм паміж цяжкасьцю хваробы і цяжкасьцю зьнешніх умоў, у якіх жыве хворы: сьмяротнасьць у вельмі значнай ступені непасрэдна залежыць ад гэтых умоў. Усё гэта дазваляе нам зрабіць вывад, што нашы посьпехі ў змаганьні з хірургічнай сьмяротнасьцю залежаць ня толькі ад веданьня хваробы і спосабаў яе лячэньня, але і ад момантаў чыста соцыяльнага парадку. Значэньне таго ці іншага фактару зьмяняецца ў розных групах захворваньняў.

Наступным фактарам хірургічнай сьмяротнасьці зьяўляецца «запушчанасьць» хваробы. У адпаведным месцы я ўжо высьвятліў, што гэтая запушчанасьць толькі ў невялікім проц. выпадку ёсьць вынік недасканальнасьці нашых дыягностычных мэтодаў. У пераважнай большасьці яна зьяўляецца вынікам соцыяльых момантаў, — ці будзе гэта непасрэднае, ці ўскосне іх узьдзеяньне. Недастатковасьць хірургічнай дапамогі, — найбольш дарагога віду мэдычнай дапамогі — ёсьць вынік слабай матэрыяльнай культуры і экономічнай маламоцнасьці. Страх хворага перад опэрацыйным умяшаньнем ёсьць ў масавым маштабе вынік малой культурнасьці. Кепская падрыхтоўка ўрачоў — ёсьць выяўленьне тэй-жа самай слабай матэрыяльнай культуры. Усё гэта ўзятае разам і стварае тую «запушчанасьць», якая паводле прыблізных падлікаў зьяўляецца прычынай сьмерці хворых у 30-40 проц. усіх хірургічных сьмярцей.

Фактары лекавога парадку — само опэрацыйнае ўмяшаньне — зьяўляецца таксама ў значнай меры адлюстраваньнем соцыяльна-культурных умоў жыцьця краіны. Складнасьць сучаснага хірургічнага лячэньня вымагае вялікіх тэхнічных прыстасаваньняў, добрай агульнай абстаноўкі і спрацаванага паміж сабою кваліфікаванага пэрсоналу. Пра сучаснага хірурга, які жадае мець добрыя пасьляопэрацыйныя вынікі, можа літэральна сказаць «адзін у полі не ваяка». Добра абсталяванае хірургічнае аддзяленьне, якое максымальна забесьпячае хворага ад інфэкцыі і ўлічвае поўнасьцю яго жыцьцёвыя шансы, — вымагае вялікіх сродкаў. Пытаньне зноў упіраецца ў моманты чыста соцыяльнага парадку. У гэтым-жа разрэзе разьвязваецца і пытаньне хірургічнай спрактыкаванасьці — кваліфікацыя хірурга ўзрастае таксама на глебе матэрыяльнай культуры і ў залежнасьці ад ступені яе. Такім чынам, і пасьляопэрацыйная сьмяротнасьць — ёсьць у канчатковым выніку функцыя соцыяльных адносін і клясавай барацьбы ў даным адрэзку часу.

І нават констытуцыя — найважнейшы з біолёгічных фактараў сьмяротнасьці — знаходзіцца ў канчатковым выніку пад такім вялізарным уплывам зьнешняга асяродзьдзя, што і тут соцыяльны фактар выступае таксама на першы плян. Умовы харчаваньня, работы, уплывы на вегэтатыўную нэрвовую сыстэму могуць з аднаго боку «спасаваць» самую лепшую констытуцыю і, наадварот, рацыянальна накіраваныя — гэтыя-ж самыя зьнешнія ўмовы могуць згладзіць няспрыяльныя эндогенныя фактары аж да поўнай компэнсацыі іх.

Вось якой зьяўляецца магутная роля соцыяльнага моманту у пытаньні сьмяротнасьці наогул і хірургічнай сьмяротнасьці ў паасобку.

Вялікае значэньне гэтага соцыяльнага фактару яшчэ ў тым, што паколькі ён зьяўляецца вынікам вытворчых адносін, а апошнія — зьмяняюцца, пастолькі ён, у значна большай ступені, чым фактар біолёгічны, падлягае нашаму ўзьдзеяньню. Адсюль у якасьці бясспрэчнага лёгічнага вываду вынікае, што доктар, які імкнецца да найбольшай эфэктыўнасьці ў сваёй рабоце, не павінен замыкацца выключна ў вузкіх межах сваёй спэцыяльнасьці. Таксама гэта датычыцца і хірурга: між тым, трэба прызнаць, што іменна хірургія, як вельмі спэцыялізаваная галіна мэдыцыны, стаяла ад жыцьця даволі часта далей, чым усякая іншая з мэдычных дысцыплін.